Сёньня раніцай у судзе Ленінскага раёну Берасьця аштрафаваныя на 70 тысяч рублёў кожны Кацярына Ішчык і Іларыён Касянчук. Пра гэта “Свабодзе” паведаміў праваабаронца Раман Кісьляк.
Са словаў суразмоўцы, на судовае паседжаньне пад старшынёўствам судзьдзі Ларысы Назаранкі дастаўлены зь сьледчага ізалятару часовага ўтрыманьня пяцёра актывістаў грамадзянскай кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. Гэта Ўладзімер Шэлег, Яўген Скрабец, Іларыён Касянчук, Натальля Гагалюк і Кацярына Ішчык.
Напярэдадні “Свабода” паведамляла, што 16 красавіка ў 20.40 маладыя людзі прыйшлі на галоўную плошчу гораду да помніка Леніну. Яны трымалі расьцяжку "Свабоду палітзьняволеным!" і сьцяг кампаніі. Актывістаў апазыцыі затрымалі і ў 21.00 даставілі ў Ленінскі РАУС. Там іх абшукалі, зьнялі на відэа, склалі на кожнага пратаколы на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП (парушэньне ўстаноўленага парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў).