Невядомыя вандалы зламалі шэсьць крыжоў у мэмарыяльным комплексе “Курапаты”. Чатыры крыжы зламаныя на месцы недалёка ад праваслаўнай капліцы, два – з боку МКАД.
Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, якія першымі гэта заўважылі, лічаць, што гэта справа моладзевых прафашыстоўскіх арганізацыяў.
Цяпер на месцы злачынства працуе сьледчая група міліцыі.
Акты вандалізму ў Курапатах сталі ўжо частай зьявай. Акрамя таго, што невядомыя апаганьвалі магілы, ламалі “лаву Клінтана”, малявалі фашысцкія свастыкі на крыжах і іконах, адбываліся яшчэ й раскопы магіл.
2 красавіка 2009 году недалёка ад галоўнай алеі ў Курапатах заўважылі раскапаную магілу. На наступны дзень высьветлілася, што на адлегласьці некалькіх мэтраў ад яе раскапана яшчэ адна магіла. Парэшткі, фрагмэнты вопраткі і абутак забітых у 30-я гады людзей злачынцы пакінулі на жвіры.
2 траўня 1995 году, на Радаўніцу, невядомыя раскапалі больш за дзясятак магіл. Паўсюды былі раскіданыя парэшткі людзей. Была распачата крымінальная справа, але вынікі яе невядомыя. У 1998 годзе злачынцы выкапалі з магілы парэшткі людзей, перапахаваныя пасьля эксгумацыі магіл прадстаўнікамі сьледчай камісіі. Праз год у Курапатах раскапалі яшчэ 6, а праз тры гады — 4 магілы.