У праграме “Званкі на Свабоду” дэпутат Вярхоўнага савету XII скліканьня Сяргей Антончык адказвае на пытаньне, ці можна лічыць рэфэрэндум 1995 году ганебным. Удзельнік ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС Васіль Сіліверст адказвае на пытаньне, на якой стадыі знаходзіцца рэгістрацыя грамадзкага аб’яднаньня “Ліквідатар”.
СЛУХАЦЬ:
14 траўня незарэгістраваная арганізацыя “Малады фронт” плянуе правесьці марш “За незалежнасьць!”. Акцыя прымеркаваная да гадавіны рэфэрэндуму 1995 году, на якім была зьмененая дзяржаўная сымболіка, а расейскай мове нададзены статус дзяржаўнай. Мы атрымалі такое тэлефанаваньне на гэту тэму:
Уладзімер Зьвернік: “Пасьля выступу на “Свабодзе” Зьмітра Дашкевіча з нагоды заплянаванае "Маладым фронтам" акцыі на 14 траўня маю пытаньне да “Свабоды”. Ці мае рацыю Зьміцер, кажучы, што акцыя будзе пратэставаць супраць зьмены сымболікі менавіта на тым сумнеўным рэфэрэндуме? А ці варта на самай справе казаць, што сам рэфэрэндум зьмяніў сымболіку? Бо вядома, што тады выбаршчыкі аддалі свае галасы на карысьць гэтага пытаньня ў колькасьці толькі 48 з хвосьцікам адсоткаў, калі для зацьвярджэньня вынікаў апытаньня патрэбна 50 адсоткаў + 1 голас. І таму Вярхоўны Савет амаль паўтара году не прымаў рашэньня, як таго патрабуе закон, пакуль Лукашэнка гвалтоўна не прыпыніў дзейнасьці тагачаснага парлямэнту краіны і не зацьвердзіў вынікаў рэфэрэндуму сваім указам ці дэкрэтам, што значна ніжэй за рашэньне парлямэнту. Я, законапаслухмяны грамадзянін сваёй краіны, не магу згадзіцца са сьцьвярджэньнем Зьмітра. Дык хто з нас мае рацыю?”
З просьбай вызначыць, хто мае рацыю — слухач ці лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч — мы зьвярнуліся да Сяргея Антончыка. У 1995 годзе ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савету XII скліканьня:
“Я лічу, што Зьміцер Дашкевіч мае рацыю ў тым сэнсе, што самае галоўнае адбылося на тым ганебным рэфэрэндуме, на якім было прынятае такое рашэньне. Зь іншага боку, той слухач, які тэлефанаваў, таксама мае рацыю. Калі ўзяць агульную колькасьць выбарцаў, а ня тых, якія прынялі ўдзел, 50% не прагаласавала за зьмены. Вынікі рэфэрэндуму фактычна, а не юрыдычна былі прынятыя вельмі хутка. Таму што той ганебны рэфэрэндум і даў пачатак антыканстытуцыйным дзеяньням”.
Працягнем праграму такім тэлефанаваньнем.
Cпадар: “У мяне пытаньне: ці зьявілася праваабарончая арганізацыя ліквідатараў у Менску, якая вельмі неабходная ня толькі для пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы?”
Заснавальнікі аб’яднаньня “Ліквідатар” кажуць, што арганізацыя ставіць на мэце сацыяльную і юрыдычную абарону людзей, якія ліквідавалі наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. На пытаньне адказвае ўдзельнік устаноўчага сходу Васіль Сіліверст:
“Нас ужо не рэгіструюць трэці год. На погляд Міністэрства юстыцыі, ва ўстаноўчым сходзе ўдзельнічалі асобы, якія не зьяўляюцца ліквідатарамі. Таму Мін’юст палічыў, што сход ня мае юрыдычнай моцы, бо, маўляў, статус заснавальніка не адпавядаў мэце сходу”.
Скончым праграму такім тэлефанаваньнем:
Валер Шаўчэнка, Наваполацак: “Аляксандар Рыгоравіч, вы, першы чалавек у краіне, самі сутыкнуліся з тым, што ўвага грамадзкасьці скіравана на ваша асабістае жыцьцё, а таксама на дзіўныя і спрэчныя ўмовы ўтрыманьня малодшага сына, які ня мае хатняга догляду і перашкаджае, як лічаць, выконваць абавязкі кіраўніка дзяржавы. Гэткая ўвага — эўрапейская норма, нічога кепскага і агіднага ў гэтым няма. Калі вам гэта пярэчыць, мо трэба вызначыцца, ці заставацца бацькам усім беларусам, ці толькі малодшаму Міколку”.
Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375-293-912-224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.