Дзень салідарнасьці

Байцы спэцназу выціснулі з Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем'ямі зьніклых. Некаторых удзельнікаў акцыі зьбівалі. /img/icon-photogallary.gif
Каля паўсотні чалавек сабраліся а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, каб правесьці традыцыйную акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі.

Але амаль адразу ўдзельнікаў акцыі пачаў выцясьняць з плошчы АМОН па звыклым маршруце — да вуліцы Янкі Купалы й далей у бок Траецкага прадмесьця. У некаторых былі сьцягі Эўразьвязу, і спэцназаўцы гэтыя сьцягі адбіралі.

Каля выставачнага цэнтру на скрыжаваньні Купалы й Куйбышава міліцыя атрымала загад адысьціся, але ўдзельнікі акцыі таксама пашыбавалі назад — у бок Кастрычніцкай плошчы. Тады на мосьце празь Сьвіслач людзі ў форме разьвярнуліся й павялі актывістаў далей, не мінаючы магчымасьці па дарозе выцяць каго нагой.

Высьпятка ад праваахоўнікаў атрымалі й Павал Севярынец, і Зьміцер Дашкевіч, Артур Фіньнкевіч.

На скрыжаваньні Купалы, Багдановіча й Старажоўскай міліцыянты выштурхнулі пратэстоўцаў на чырвонае сьвятло й павялі на Старажоўскую пад гукі аўтамабільных сыгналаў — ці то ў знак абурэньня, ці то ў знак падтрымкі.

У Траецкім прадмесьці спэцназазцы перагарадзілі мост на Востраў сьлёз, сагналі актывістаў на набярэжную й павялі ўверх па цячэньні, у бок гасьцініцы “Беларусь”.

Тэмп байцоў вельмі хуткі, актывістам даводзіцца нават бегчы. Гэтак за лічаныя хвіліны «канвой» абмінуў гасьцініцу Беларусь і дайшоў набярэжнай да Канатнага завулку, далей праз дамбу ўдзельнікаў перавялі на правы бераг Камсамольскага возера й пагналі далей ад цэнтру, па набярэжнай парку Перамогі.

Тут жа здарыўся кур’ёз — нехта з адпачывальнікаў кінуў пад ногі міліцыянтам пэтарду.

Далей актывістаў дагналі да Другога кальца, мост на вуліцы Арлоўскай і — без супынку — у Вясьнянку, справа ўжо відаць плот вакол рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Драздах. Але неўзабаве міліцыянты разьвярнуліся й вярнуліся на Арлоўскую вуліцу, дзе паселі ў аўтобусы, якія па іх прыехалі.

Удзельнікі акцыі разышліся па прыпынках грамадзкага транспарту.

Агулам прымусовы шпацыр цянуўся больш як гадзіну, а актывісты прайшлі ў шпаркім тэмпе каля 7 кілямэтраў. Нават перасьледнікі-байцы цяжка дыхалі, як кіраваліся ў свае аўтобусы.



























З кастрычніка 2005 году 16 дня кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой праводзяцца Дні салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем'ямі зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Дата зьвязаная з сумнай падзеяй 16 верасьня 1999 году, калі ў Менску былі скрадзеныя невядомымі апазыцыянэр Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

З ініцыятывай правядзеньня Дзён салідарнасьці 16 дня кожнага месяца ў верасьні 2005 году выступілі лідэр грамадзкага руху “Мы памятаем” Ірына Красоўская, журналістка Ірына Халіп і актывіст руху “Зубр” Мікіта Сасім.

Ініцыятыва праводзіць Дзень салідарнасьці ўзьнікла пасьля таго, як міліцыя 16 верасьня 2005 году разагнала акцыю памяці зьніклых апазыцыянэраў. Тады ўдзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі Віктара Ганчара, Юр'я Захаранкі і Зьмітра Завадзкага. У той жа дзень моладзевы актывіст Мікіта Сасім узьняў джынсавую кашулю як сымбаль супраціву рэжыму ў Беларусі. Мікіта Сасім быў зьбіты і трапіў у шпіталь. Ад таго часу Дзень салідарнасьці адзначаецца штомесяц 16 чысла.

Акцыя памяці са зьніклымі 16 верасьня 2005 году

Першапачаткова арганізатары заклікалі суграмадзян а 8-й гадзіне вечара на 15 хвілін выключыць сьвятло ў сваіх кватэрах і запальваць сьвечкі. Пазьней акцыі ў Дзень салідарнасьці праводзіліся ў розных фарматах – ад жывых ланцугоў да расклейваньня партрэтаў і вывешваньня расьцяжак. Традыцыйна ў гэты дзень таксама запальваюць сьвечкі каля партрэтаў палітвязьняў і зьніклых апазыцыянэраў.

Неаднойчы супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі дзясяткі актывістаў апазыцыі за ўдзел у акцыях на Дні салідарнасьці.

Акцыя салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. 16 сакавіка 2009 году


Дзень салідарнасьці. 16 лютага 2009 году
Дзень салідарнасьці. 16 сьнежня 2008 году


16 верасьня 2008 года міліцыя разагнала акцыю на Дзень салідарнасьці ў Менску, некаторых яе ўдзельнікаў зьбілі.
“Свабода” паведамляла 16 верасьня 2008 году:

“Спэцназаўцы разагналі акцыю Салідарнасьці з сем'ямі зьніклых. Некалькі чалавек, у тым ліку Франак Вячорк і Анатоль Лябедзька, былі зьбітыя.

Франак Вячорка будзе зьвяртацца па мэдычную дапамогу. Яго, як і некалькіх удзельнікаў акцыі, зьбілі на рагу вуліц Інтэрнацыянальная і Янкі Купалы. Гаворыць Франак Вячорка:

“Спэцназаўцы пачалі адбіраць бел-чырвона-белыя сьцяжкі, а таксама папяровыя сьцяжкі Эўразьвязу і НАТО. Я ўчапіўся за адзін сьцяг, спрабуючы яго выратаваць. Тады спэцназавец адцягнуў мяне ўбок, некалькі разоў ударыў па назе, а таксама ў пахвіну. У выніку гэтага я зваліўся на зямлю.

Калі людзі пачалі крычаць: “Жыве Беларусь!”, “Фашысты!”, спэцназаўцы гвалтоўна нам затыкалі раты".

Дзень салідарнасьці. 16 верасьня 2008 году


16 кастрычніка 2006 года ў Берасьці было затрымана 14 удзельнікаў адзначэньня Дня салідарнасьці.
“Свабода” паведамляла 16 кастрычніка 2006 году:

“14 чалавек былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак увечары 16 кастрычніка падчас акцыі, якая была прымеркаваная да Дня салідарнасьці. Актывісты кампаніі “За свабоду” выйшлі да Кобрыньскага маста й стварылі на ягоных сходах ланцуг. Удзельнікі акцыі трымалі на грудзях вялікія літары, зь якіх складаўся лёзунг “Свабоду палітвязьням!” Прыблізна праз дваццаць хвілінаў да месца падзеяў прыехала патрульная машына зь міліцыянтамі, якія загадалі ўдзельнікам акцыі разысьціся. Моладзь рушыла ў бок вуліцы МОПРа, запаліла сьвечкі й паспрабавала стварыць кола, але ў гэты час міліцыянты пачалі затрымліваць актывістаў.


16 чэрвеня 2006 году менская міліцыя разагнала акцыю апазыцыі і затрымала каля 50 чалавек, калі тыя з партрэтамі зьніклых і сьвечкамі пайшлі да расейскай амбасады.“Свабода” паведамляла 16 чэрвеня 2006 году:

“Разгон апазыцыйнай акцыі адбыўся некалькі хвілінаў таму ў Менску. Некалькі дзясяткаў чалавек пайшлі са сьвечкамі да расейскай амбасады, іх спынілі на рагу Багдановіча і Камуністычнай міліцыянты ў цывільным. Яны загадалі падвезьці аўтобус спэцназу і пачалі затрымліваць удзельнікаў акцыі. Затрымана каля чатырох дзясяткаў чалавек. Празь некалькі гадзінаў прэвэнтыўна затрыманых удзельнікаў акцыі каля расейскай амбасады, перапісаўшы пашпартныя зьвесткі, адпусьцілі на волю. Некалькіх юнакоў цягнулі за ногі па асфальце за рукі, за ногі. Пяцёра дзяўчат затрыманыя, яны знаходзяцца ў аўтобусе. Паводле міліцыянтаў, іх адвязуць у дзяжурную частку для высьвятленьня асобы.

Міліцыянты, апранутыя у цывільнае – джынсы, кашулі, – не прадстаўляліся падчас затрыманьня, толькі на просьбу журналістаў паказвалі свае пасьведчаньні”.

Дзень салідарнасьці. 16 ліпеня 2006 году


Некалькі дзясяткаў чалавек было затрымана ў Менску 16 лютага 2006 году. “Свабода” паведамляла 16 лютага 2006 году:

“Больш за дваццаць удзельнікаў акцыі на знак салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў затрымалі спэцназаўцы. Сярод затрыманых ёсьць непаўнагадовыя. У часе разгону акцыі міліцыянты штурхалі людзей на лёд і потым выціскалі іх з Кастрычніцкай плошчы ў бок Нямігі. Групу моладзі, што стаяла насупраць будынку КДБ затрымалі празь некалькі хвілінаў ад пачатку акцыі. У акцыі Салідарнасьці ўдзельнічала каля трох сотняў чалавек. Большасьць удзельнікаў акцыі – сябры моладзевых арганізацый. Яны трымалі ў руках сьвечкі і джынсавыя стужкі”.

Дзень салідарнасьці. 16 лютага 2006