Новы дыск вядомага беларускага барда Зьмітра Бартосіка выдадзены ў Польшчы. Пад інтрыгоўным назовам “tut.ru” зьмешчаныя чатырнаццаць твораў клясыкаў расейскай аўтарскай песьні, якія гучаць па-беларуску ў перакладзе Рыгора Барадуліна.
СЛУХАЦЬ:
Перасьпяваць па-беларуску Ўладзімера Высоцкага, Аляксандра Вярцінскага, Булата Акуджаву, Сяргея Нікіціна ды іншых вядомых расейскіх бардаў Зьмітру Бартосіку хацелася даўно:
“Я вельмі люблю гэтыя песьні. Гэта клясыка расейскай аўтарскай песьні, я на гэтай клясыцы вырас і выхаваўся, але мне заўжды хацелася сьпяваць па-беларуску гэта ўсё”.
Усе ўласныя перакладніцкія спробы не задавальнялі спадара Бартосіка, і тады ён прынёс тэксты любімых з маленства песьняў народнаму паэту Рыгору Барадуліну. Той з радасьцю згадзіўся і вельмі хутка пераклаў славутае “Раньне туманнае” Івана Тургенева, што стала рамансам дзякуючы Эрасту Абазу, “Ліст да маці” Сяргея Ясеніна, які паклаў на музыку Васілій Ліпатаў, “Калымскую песьню” Анатоля Жыгуліна, якую мэлядраматызаваў Сяргей Нікіцін.
Усяго на дыску чатырнаццаць твораў клясыкаў расейскай аўтарскай песьні. Дарэчы, пераклады тэкстаў ўсіх іх дададзеныя да кружэлкі, чым спрошчана задача для тых, хто гэтаксама, як і Зьміцер Бартосік, захоча сьпяваць іх па-беларуску ў сяброўскай кампаніі.
Выдадзены дыск Зьміцер Бартосік разглядае як пачатак сэрыі такога тыпу кружэлак:
“Хочацца зрабіць тузін песьняў Аляксандра Вярцінскага, тузін песьняў Булата Акуджавы, тузін песьняў Уладзімера Высоцкага ў нейкім новым перапяяньні, новым прачытаньні”.