Сёньня ў Гомельскім абласным судзе, дзе разглядаецца гучная крымінальная справа пра самасуд над “падпальшчыкам” у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну, абвінавачаныя выступілі з апошнім словам.
У прыватнасьці, Сяргей Аліфяровіч, качагар і бацька дваіх малалетніх дзяцей, заявіў: “Мяне падштурхнуў на гэтае злачынства сам Мікалай Макарэвіч — тым, што зьдзекаваўся з жыхароў вёскі, і пагрозамі ў мой бок. Я не якісьці забойца ці маньяк, я звычайны калгасьнік, рабацяга. Я абараняў сваю сям’ю. Я не хацеў забойства, але так атрымалася. Я не хацеў забіваць яго, бо я крыві не хацеў і задавальненьня ад гэтага не атрымліваў. У тым, што адбылося, вінаваты сам пацярпелы, і няхай яго радня злосьці на нас не трымае. Я вінаваты і павінен быць пакараны. Я ўжо й так пакараны ад Бога. Калі вы хочаце і дазваляе закон, не пазбаўляйце мяне волі”.
Яшчэ адзін непасрэдны выканаўца забойства Ігар Макарэвіч, аднаго прозьвішча з забітым, казаў у апошнім слове: “Кашмар таго, што адбылося, перасьледуе мяне кожную ноч”. Абвінавачаны выказаў жаль з прычыны здарэньня. Ён лічыць, што “толькі добрасумленнай працай можна загладзіць сваю віну”.
Тацьцяна Юхневіч, якая ў дзень забойства разам з Аляксандрам Петручэнем сачыла за Мікалаем Макарэвічам і вынесла каністру з бэнзінам, каб спаліць нябожчыка, віны сваёй не прызнала. Патлумачыла, што “калі б міліцыя неяк аберагала нас, такога б не адбылося”. Яна прасіла даць ёй магчымасьць “працягнуць выхаваньне дзіцяці, якое засталося без увагі бацькі”. Дарэчы, спадарыня Юхневіч на дзень забойства яшчэ не адбыла пакараньне за ранейшае злачынства — раненьне нажом свайго сужыцеля.
Нагадаем, што дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў пакараць непасрэдных выканаўцаў забойства — Сяргея Аліфяровіча й Ігара Макарэвіча —14 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму, памагатых: Тацьцяну Юхневіч — 8,5, Аляксандра Петручэню — 8 гадамі зьняволеньня.
Чакаецца, што а 15-й гадзіне калегія ў крымінальных справах абласнога суду пад старшынёўствам Аляксандара Сужаева абвесьціць прысуд пухавіцкім удзельнікам лінчаваньня аднавяскоўца.