Сёньня ў Гомельскім абласным судзе прадстаўнік Гомельскай абласнoй пракуратуры Андрэй Бондар выказаў пазыцыю дзяржаўнага абвінавачаньня ў крымінальнай справе пра самасуд над аднавяскоўцам у вёсцы Пухавічы Жыткавіцкага раёну.
Ён запатрабаваў пакараць непасрэдных выканаўцаў забойства — Сяргея Аліфяровіча й Ігара Макарэвіча — 14 гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму; памагатых: Тацяну Юхневіч — 8,5, Аляксандра Петручэню — 8 гадамі зьняволеньня. Прапанавана ўзяць іх пад варту адразу ў залі суду.
Паводле пракурора, у абвінавачаных былі падставы нэгатыўна ставіцца да забітага Мікалая Макарэвіча, але ім “ніхто не даваў права распараджацца чужым жыцьцём”.
Абвінаваўца лічыць, што неабходна задаволіць кампэнсацыю маральнай шкоды сястры забітага Мікалая Макарэвіча й вынесьці прыватнае вызначэньне на адрас Гомельскага УУС за дзеяньні жыткавіцкай міліцыі.