Як цікаваць?

Ёсьць рэчы, якія заварожваюць. Можна бясконца глядзець, сузіраць, цікаваць, як плывуць аблокі ці гарыць агонь ці плешчацца вада ў рацэ. (ці -- “як людзі працуюць” – жартуюць сяляне з таго, хто лайдачыць на капаньні бульбы.)

Падобнае пачуцьцё перажываеш, разглядаючы мапу або круцячы глёбус. Кампутар умяшаўся і ў гэтую справу. Шмат хто з маіх прыяцеляў гатовыя гадзінамі сядзець над праграмай “Google Earth”, поўзаючы па здымку Зямлі, зробленым з космасу, па розных мацерыках, краінах і гарадах, то аддаляючы, то набліжаючы самы падрабязны глёбус, заходзячы ў двор свайго дому, або ў вёску, дзе ня быў сто гадоў, або паўтараючы колішняе падарожжа па рацэ...

Зубрынае сэрца

Сказаць, што гэтыя заняткі пазбаўленыя сэнсу можа толькі моцна зацыклены і прыземлены чалавек. Калі сузіраньне заварожвае, значыць яно сэнсоўнае для душы, для твайго падсьвядомага, гэта размова, у якой, адчуваеш ты інтуітыўна, прамаўляюцца самыя важныя рэчы і вырашаецца твой лёс. Нездарма людзі спрадвеку імкнуцца расшыфраваць тое пасланьне. І калі ім гэта ўдаецца, яны робяцца відушчымі.

Надоечы нейкая патрэба змусіла мяне запусьціць “Google Earth”. Нешта я пісаў пра беларуска-літоўскую мяжу і вырашыў паглядзець на яе “з космасу”. Вось на маніторы уся наша плянэта і ты пачынаеш набліжацца да сваіх мясьцінаў. Контур Беларусі падобны да зубра. Над ім -- утрая меншая Літва. Яе контур нагадвае сэрца.

Я даўно перастаў адмахвацца тым аргумэнтам, што межы краінаў – выпадковыя. Зразумела, што кроілі іх не для таго, каб надаць краінам нейкія формы. Але казаць, што нашы межы фальшывыя, бо насамрэч урэзаныя і не адпавядаюць Этнаграфічнай мапе прафэсара Карскага, не выпадае. Адмаўляць, што Беларусь такая, якая яна ёсьць, асабіста я перастаў, калі пераканаўся, што тая самая беларуска-літоўская мяжа, усталяваная зусім нядаўна і ў тым месцы, дзе як ніколі не было, -- ня проста дзяржаўная мяжа. Гэта месца, дзе можа раптам зьмяніцца надвор’е (у Беларусі было сонца, пераехаў мяжу – дождж), дзе можа з’інакшыцца твой унутраны стан, калі раптам адчуваеш большую свабоду, а едучы ў Беларусь, перажываеш радасьць вяртаньня дадому. Словам, межы, праведзеныя на карце, зараз жа напаўняюцца нейкім фізычным і мэтафізычным рэчывам краіны, якую яны акрэсьліваюць.

Зубар Беларусі на касьмічным здымку бяжыць на Ўсход, а яго сэрца паказае яму адваротны накірунак – на Захад. Вядома, сучасная Літва – краіна “дальняга зарубежжа” – ніяк не стасуецца з паняткам “сэрца Беларусі”, але тое, што сэрца Беларусі ў Літве – гістарычны факт.

“Я зноў і зноў вяртаюся няўхільна”

Гэта -- Вільня, якая была сталіцай для Беларусі на працягу шасьці стагодзьдзяў. Для параўнаньня, Менск для ўсёй сучаснай беларускай тэрыторыі зьяўляецца сталіцай толькі шэсьдзесят гадоў – з канца другой сусьветнай вайны. А ўвогуле сталіцай упершыню ў сваёй гісторыі Менск стаў тады, калі ў 1918 годзе ў ім была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

Некалі, складаючы анталёгію беларускай паэзіі пра Вільню, я не пераставаў зьдзіўляцца, што столькі клясычных вершаў напісана пра “горад за мяжой”, колькі пра ўласную сталіцу беларусы ні напісалі, не сабралі і не адчулі патрэбы скласьці такую анталёгію. Ня ведаю, як будзе далей, але дагэтуль Менск – ня сэрца Беларусі. І калі два гады таму Артур Клінаў чытаў нам эскізы сваёй кнігі пра Горад Сонца, я думаў так: Менск – горад сонца, а горад сэрца – Вільня.

І тут не было ніякай маёй прыдумкі. Беларусы спрадвеку параўноўвалі Вільню з сэрцам. Адно з такіх сьведчаньняў – радкі Ўладзіслава Сыракомлі, напісаныя ў першай палове 19 стагодзьдзя: “Ды што мне Коўна, альбо тое Гродна? Радзімы сэрца – ў Вільні улюбёнай”. Праз паўтараста гадоў гэты вобраз зьявіцца ў вершы Алега Мінкіна: “Да сэрца краю, да красуні Вільні я зноў і зноў вяртаюся няўхільна...”

Контур сучаснай Літвы, між іншым, таксама фармаваўся без уліку межаў этнічнага расьсяленьня літоўцаў. Рука чыноўніка магла крэсьліць нешта адвольнае, але зараз жа нованакрэсьленая “ёмістасьць” напаўлялася агульным рэчывам краіны й нацыі. Зь іншага боку, ніхто ня ведае, што рухае адвольнымі чыноўніцкімі штрыхамі. Можа быць, нейкая вышняя сіла, можа быць, лёс ці тыя адкрыцьці, якія чуе наша падсьведамасьць, але ня ўлоўлівае розум?

Так ці йнакш, а маем тое, што маем -- зубра Беларусі, які ўцакае на Ўсход ад свайго ўласнага сэрца.

Журавель у небе

На самым пачатку 1990-х, калі прамалёўвалася новая гістарычная рэалія – беларуска-літоўская мяжа, у беларускім друку пісалі пра несправядлівасьць – пра тое, што наша спрадвечная сталіца Вільня разам зь Віленскім краем адчужаецца ад нас саміх. У літоўскім друку адказвалі -- несправядліва, што спрадвечна літоўскія землі адыходзяць да Беларусі. Меўся на ўвазе даволі значны абшар – аж да Маладэчна – густа ўсыпаны балцкімі тапонімамі й гарадамі, якія ў гісторыі Літвы адыгралі выключную ролю. Напрыклад, Наваградак, дзе ў сваёй рэзыдэнцыі каранаваўся першы й адзіны літоўскі кароль Мяндоўг.

Гэтая спрэчка не магла вырашыцца новай мяжой, куды б як ні перасоўвалі. Бо там, дзе заўсёды была адна краіна – Вялікае Княства Літоўскае – зьявіліся дзьве, і справядліва разьдзяліць іх было проста нерэальна. У тыя часы, пра якія я кажу, пісалі таксама і пра адраджэньне ВКЛ – хто адкрыта ўтапічна, хто закамуфлявана і больш рэалістычна – у выглядзе балтыйска-чарнаморскага калектара. Наўрад ці нехта са спрэчнікаў не хацеў гэтага. Але ідэя выглядала настолькі фантастычнай, што кожны сьпяшаўся ўчапіцца за сваю сініцу ў руках, тужліва праводзячы позіркам жураўля колішняй слаўнай краіны ў небе ад мора да мора.

Па сутнасьці паўтарылася сытуацыя 1915 году, калі беларускія актывісты прыдумалі Канфэдэрацыю ВКЛ. Ішла першая сусьветная вайна, якая скончыла стогадовую расейскую акупацыю краю, фармаваліся новыя сучасныя нацыі, і ўсе думалі пра пасьляваеннае ўладкаваньне нашага кутка Эўропы. Адраджэньне ВКЛ тады бачылася магчымым і беларусам і літоўцам. Яны тады й не дзяліліся на нашых і вашых. Дастаткова сказаць, што бацька літоўскай незалежнасьці Іван Басановіч або Ёнас Басанавічус у 1910 годзе кіраваў музычнай камісіяй у беларускім музычна-драматычным гуртку. А па-за гуртком разам з братамі Луцкевічамі абмярокоўваў аднаўленьне краіны, што зьнікла з мапы сьвету сто гадоў перад тым і за якую ўсё 19 стагодзьдзе падымаліся незалежніцкія паўстаньні.

Але вось у Расеі грымнула рэвалюцыя 1917 году і бальшавікі кінуліся “зьбіраць землі” былой расейскай імпэрыі. Нехта крыкнуў – ратуйся, хто можа. І сталі ратавацца кожны сам па сабе. Напачатку 1918 году літоўцы абвяшчаюць незалежную Літву, а беларусы – незалежную БНР. На працягу 20-га стагодзьдзя ў такім вось выглядзе абодва народы і прамучыліся, ніяк ня скажаш – квітнелі ад шчасьця. Адна карысьць – хоць нацыі захавалі.

Але вось у той ці іншай форме ідэя адраджэньня ВКЛ ізноў усплывае ў СМІ. Ня важна, зь якой нагоды і хто яе прагаворвае. То кіраўнік РБ, то міністар замежных справаў Літвы. Ня важна, якія мімалётныя рэзоны ўкладаюць у свае словы палітыкі. З космасу іхных рэзонаў усё адно не відаць.

Што мы ведаем пра тую палітыку, калі глядзім на рух аблокаў ці на гарэньне агню ці калі круцім глёбус і разглядаем контуры краін. Контур Беларусі, які так падобны да зубра, што ўцякае на Ўсход ад уласнага сэрца, якое так нагадвае контур Літвы?