ІМХО пра адрозненьні блогераў і журналістаў

Паўлюк Быкоўскі

paulyuk

На маю думку, лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольнае вушка, чым журналісту ўвайсьці ў блогасфэру.

Некаторыя называюць блогераў “недаробленымі журналістамі”, іншыя — “грамадзянскай журналістыкай”, але, мне падаецца, у абодвух выпадках адбываецца падмена паняцьцяў.

Паўлюк Быкоўскі
нарадзіўся 29 кастрычніка 1971 г.

Працаваў рэпартэрам у газэтах “Чырвоная змена” і “Свабода”, рэдактарам на радыёстанцыі “Крынiца”, камэнтатарам Рэдакцыі перадач для Другой рэспубліканскай праграмы Беларускага радыёвяшчаньня (інфармацыйна-музычны канал “Радыё-2”) Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, супрацоўнічаў з радыёстанцыямі “Юность/Молодежный канал” (Масква), Deutsche Welle (Бон), “Рацыя” (Беласток), газэтамі “Экспресс-хроника” (Масква), “Бизнес&Балтия” (Рыга), “Лабрит” (Рыга), “Караван” (Алматы). Публікаваўся ў аналітычным часопісе PRISM, які выдаецца Jamestown Foundation (Вашынгтон).

Цяпер — загадчык аддзелу грамадзка-палітычнай інфармацыі і чалец рэдакцыйнай калегіі недзяржаўнага аналітычнага тыднёвіка “Белорусы и рынок”.


1. Навошта я пішу блог

Я перасьледую дзьве мэты:

1) мне патрэбна зваротная сувязь, каб не атрымалася, што мае журналісцкія тэксты цікавыя толькі мне самому або рэдактару;

2) сацыялізацыя ў блогасфэры дазваляе камунікаваць з зацікаўленымі асобамі, атрымліваць новую інфармацыю і падрабязнасьці фактычна да кожнай падзеі, якія мне цікавая з прафэсійнага гледзішча, а таксама выходзіць за межы прафэсіі і выказваць эмоцыі.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

У блогасфэры мала абыякавых людзей, і тут прасьцей знаходзіць аднадумцаў.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Часам зьнікае абарона прыватнасьці, пра якую заўсёды памятаюць у традыцыйных мэдыях і, як правіла, не парушаюць.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

  • fotaczka
  • sgrits (два першыя блогі належаць фатографам. Іх вобразны погляд на жыцьцё часта адрозьніваецца ад таго, што зьяўляецца ў мяне, бо я думаю хутчэй словамі, чым вобразамі
  • markgrigorian (мой армянскі знаёмы-журналіст, які вымушаны жыць і працаваць у Лёндане)
  • feduta (Аляксандар Фядута, гэтую асобу няма патрэбы прадстаўляць беларускай аўдыторыі)
  • а ўвогуле тут можна прачытаць усю маю стужку сяброў.


Прафэсійны журналіст, як і прафэсійны музыкант, пекар, цясьляр і гэтак далей — працуе за грошы. Вядома, часта ідуць у гэтую прафэсію менавіта тыя, хто любіць размаўляць зь людзьмі, зьбіраць навіны і дасьледаваць прычыны тых або іншых падзеяў. Вельмі часта журналісты робяць гэта апантана, не зважаючы на час, але ня кожны журналіст выкладае ў свой блог рэальны прыватны дзёньнік (“лытдыбр”). Часьцей туды трапляюць прафэсійныя артыкулы, і блогасфэра выступае для журналіста як яшчэ адна прастора для камунікацыі з чытачом, як дадатковая аўдыторыя. Між тым найбольш прыцягальным для гэтай аўдыторыі зьяўляецца не копіпаст і без таго даступных тэкстаў СМІ, а прыватны погляд аўтара на тую або іншую падзею.

Блогеры вельмі часта правакуюць журналіста на выказваньне, і ён, адыходзячы ад прафэсійных стандартаў, на пальцах тлумачыць, дзе праходзіць мяжа паміж добрымі і кепскімі хлопцамі.

Дарэчы, пра лытдыбр. З уласнага досьведу, калі ў сваім блогу пішу пра нейкія асабістыя ўражаньні, напрыклад, масавае зьнікненьне ў беларускіх крамах імпартных сокаў, дык такі пост выклікае большае абмеркаваньне, цытаваньне, і лічыльнік сьведчыць пра рост наведваньняў. Журналісцкі ж матэрыял значна радзей правакуе на абмен думкамі, бо, як правіла, пішацца іншым тонам, мае прыкметы бесстароннасьці і ўтрымлівае камэнтары аўтарытэтных экспэртаў.

Ня кожны сярэдні блогер наважыцца стаць на адну дошку з аўтарытэтамі (праўда, ёсьць палітолягі, эканамісты і іншыя спэцыялісты, якія вядуць блогі, але не заўсёды яны раскрываюць свой нікнэйм шырокай публіцы).

Дарэчы, у парадах, як зрабіць блог папулярным, вельмі часта прапануюць выказваць гарачае пачуцьцё, захапленьне або нянавісьць, палкасьць. Усе гэтыя парады цалкам непрыймальныя для журналіста-рэпартэра, але яны вельмі дарэчы публіцыстам-калюмністам.

Зрэшты, у постсавецкай пэрыёдыцы ёсьць тэндэнцыя: кожны аўтар памятае выраз, што “поэт в России — больше, чем поэт”, бачыць сябе гэтым паэтам і імкнецца давесьці чытачу сваё меркаваньне па найбольш балючых пытаньнях сучаснасьці. А вось быць рэпартэрам, які ганяецца за навінамі і зьбірае факты, неяк сумна. І ня вельмі выгадна, бо “зоркай” для шырокай аўдыторыі хутчэй зробіцца калюмніст, а не рэпартэр. Такім чынам, публіцысту лягчэй знайсьці сваё месца ў блогасфэры ў параўнаньні з рэпартэрам.

Аднак блогасфэра тым часам нараджае сваіх рэпартэраў. Верагоднасьць таго, каб прафэсійны журналіст зрабіўся сьведкам нейкага надзвычайнага здарэньня, меншая, чым верагоднасьць гэткай сытуацыі ў дачыненьні да простага абываталя, які вядзе блог. Больш за тое, блогер хутчэй запосьціць навіну праз мабільны тэлефон або PDA. Тым часам як журналіст будзе зьбіраць факты, перадаваць іх у рэдакцыю, якая будзе разважаць, што з гэтымі фактамі рабіць. Больш за тое, некаторыя журналісты пачалі адсочваць блогі як адну з крыніц інфармацыі і нават браць адтуль цытаты.

Так паўстаў фэномэн “грамадзянскай журналістыкі” — непрафэсійныя журналісты пішуць пра падзеі, сьведкамі якіх ня могуць быць прафэсійныя журналісты, бо іх проста няма ў гэтай мясцовасьці або тэма зьяўляецца забароненай уладамі. У нейкай ступені гэта нагадвае савецкі “самвыдат”, які рабілі дысыдэнты. Дзякуючы Інтэрнэту, аўдыторыяй новага “самвыдату” зрабіўся ўвесь сьвет, але “грамадзянскія журналісты” пераймаюць правілы гульні прафэсійных, больш ня пішуць лытдыбр і, застаючыся ў блогасфэры, перастаюць быць блогерамі.