Цяпер у Беларусі жыве крыху больш за 60 тысяч былых вязьняў канцэнтрацыйных лягераў. Год ад году гэтая колькасьць істотна меншае: сталыя і хворыя людзі не вытрымліваюць супрацьстаяньня ня толькі з часам, але і з рэаліямі.
11 красавіка -- Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў фашысцкіх канцлягераў (у гэты дзень у 1945 годзе выйшлі на волю вязьні Бухэнвальду). На тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны было 260 канцлягераў, у якіх зьнішчана больш за мільён чалавек. У пасьляваенны час тых, хто прайшоў праз пякельныя пакуты, прыраўналі да ўдзельнікаў вайны, яны мелі пэўныя льготы. Аднак у сярэдзіне 1990-х улады Беларусі падзялілі пацярпелых ад фашызму на катэгорыі, тым самым пазбавіўшы асобныя групы матэрыяльнай кампэнсацыі ад уладаў Нямеччыны. Ня так даўно былыя вязьні канцлягеру “Азарычы” абвясьцілі пра намер накіраваць пазоў супраць беларускіх уладаў у Камітэт па правах чалавека ААН. З праблемай паабяцалі разабрацца ў адміністрацыі прэзыдэнта.
Так, у 1995 годзе рашэньнем заснаванай пры адміністрацыі прэзыдэнта навукова-кваліфікацыйнай камісіі сумна вядомы канцлягер “Азарычы” быў перакваліфікаваны ў “спэцыяльны лягер сьмерці”. На справе перайменаваньне пазбавіла былых вязьняў значнай часткі матэрыяльнай кампэнсацыі ад нямецкага ўраду – замест 15 тысяч марак яны маглі прэтэндаваць толькі на 5 тысяч. Усе спробы спыніць рэвізію вынікаў вайны плёну ня мелі і ў сёлета ў сакавіку, напярэдадні 65-й гадавіны вызваленьня лягеру, кіраўніцтва аб’яднаньня былых вязьняў “Азарычаў” заявіла пра гатоўнасьць адстойваць свае правы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Як кажа старшыня аб’яднаньня Фёдар Верас, беларускія ўлады ўпарта ня хочуць іх пачуць:
“Мы накіравалі ўсе паперы кожнаму дэпутату ніжняй палаты. У тым ліку старшыні Савету міністраў ды іншым чыноўнікам. Усе чулі пра нашы праблемы, але паціху нас душаць і душаць. Адразу мы былі прыраўнаныя да ўдзельнікаў вайны. Потым нас гэтага статусу пазбавілі. Ня так даўно забралі льготы – вось так усё абразаюць, абразаюць. Льготы сталі нібыта мэтавымі. А што значыць мэтавасьць? На адны вагі фактычна пастаўленыя п’яніцы, якія не працуюць, і людзі, якія рэальна пацярпелі. Зьнялі мэдычнае абслугоўваньне, хоць не было ніякіх падставаў: ува ўсіх зубоў няма, усе маюць патрэбу ў леках. Уявіце сабе: дзясяткі гадоў дапамогу мелі, а калі настала крытычная сытуацыя, усё зьнялі. Нічога не зразумела”.
Бясплённымі аказаліся спробы абараніць свае правы праз Канстытуцыйны і Вярхоўны суды. Лісты, адрасаваныя Аляксандру Лукашэнку, засталіся без адказаў (пад адным са зваротаў паставілі подпісы больш чым тысяча чалавек). У адчаі азарыцкія вязьні абвясьцілі пра намер падаць пазоў супраць беларускіх уладаў у Камітэт па правах чалавека ААН. Аднак ад актыўных дзеяньняў на нейкі час усё ж вырашылі ўстрымацца. Спадару Верасу паведамілі, што ў прэзыдэнцкай адміністрацыі нібыта ўзяліся перагледзець ранейшае рашэньне, а курыраваць справу будзе асабіста Натальля Пяткевіч. Праўда, ад таго абяцаньня мінуў амаль месяц, а вынікаў – ніякіх. Таму, як кажа Фёдар Верас, варыянт звароту ў ААН застаецца актуальным:
“Абавязкова. Матэрыялы ў нас гатовыя. Таму што людзі даведзеныя да адчаю. Калі нас не разумее наша краіна, калі мы аддалі жыцьцё на карысьць нашай дзяржавы, дык што ж тады атрымліваецца? Мы ізгоі ў сваёй Айчыне? Ці мы няправільна разумеем дзяржаўную палітыку? Ці мы да ўладаў перадузята ставімся? Мы ж шараговыя грамадзяне, пачакаем рэакцыі з боку кіраўніцтва. Бо пакуль што, пачынаючы ад 1995 году, нас толькі падманвалі. І за гэты час нічога так і ня вырашана. З аднаго боку, мы ўжо даведзеныя да крытычнага пункту. Але ж гэта беларускі народ, цярплівы народ! Яшчэ нейкая надзея ўзьнікла – вось пасьля гэтага павароту Пяткевіч да нашай праблемы. Хоць ня ведаю – паклічуць куды ці не паклічуць; мы ж не валодаем інфармацыяй”.
27 сакавіка былыя вязьні “Азарычаў” накіравалі свой апошні калектыўны ліст у афіцыйнае ведамства -- Генэральную пракуратуру. Адказу, як прадугледжана заканадаўствам, будуць чакаць месяц. Пасьля гэтага сваю дзейнасьць яны абяцаюць скіраваць ў міжнароднае рэчышча.
Практычна на 100% вязьнямі Азарыцкіх канцлягераў, якія складаліся з асобных лягераў пад адкрытым небам у Калінкавіцкіх балотах, было мірнае насельніцтва. Вызваленьня ў сакавіку 1944 году дачакаліся каля 30 тысяч чалавек, прычым блізу 15 тысяч вызваленых – дзеці ва ўзросьце да 13 гадоў. Блізу 20 тысяч загінулі ад хваробаў, голаду і холаду. У дакумэнтах Нюрнбэрскага трыбуналу канцлягер фігуруе ў зьвязку з адным з самых “вычварных злачынстваў супраць чалавечнасьці”. “Азарычы” былі адзіным у Эўропе лягерам, дзе людзі ўтрымліваліся ў балоце, без аніякіх пабудоваў і харчаваньня. Ваду зьняволеныя пілі з-пад ног, дзе сотнямі ляжалі памерлыя ад пераахалоджваньня і голаду.