Сапсаваная кроў

ul-sciapan

Вось чаго беларусы ня ўмеюць, дык гэта радавацца сваім посьпехам.

Заўсёды загану знойдуць і аб..руць.

І што мы за такія дзіўныя людзі?…

Мы — лепшыя паўсюль і заўсёды знаходзіць заганы. Няма таго, каб у чужым воку тую парушынку бачыць, ці няхай сабе і бервяно. Мы ж найперш у сваім уласным бачым і знаходзім. Вось такія мы самакрытычныя. Усё, што ні робіцца, усё, што ні адбываецца вакол, гатовыя тут жа зганіць, высьмеяць, пазьдзекавацца, склясьці…

Даўно тое было. Напрыканцы сямідзясятых яшчэ.

Уладзімер Сьцяпан — мастак, паэт, празаік, кінасцэнарыст. Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Касьцюкоўцы, што на Гомельшчыне.

У 1973 годзе паступіў у мастацкую вучэльню імя Глебава, у 1977-м — у Тэатральна-мастацкі інстытут. Пасьля заканчэньня служыў у войску, працаваў мастаком. З 1986 па 2002 год працаваў на Беларускім тэлебачаньні. Ад таго часу на дзяржаўную службу ня ходзіць. Жыве зь літаратуры. Друкуецца ўсюды, дзе ёсьць папера. Выдаў 2 кніжкі прозы. Сям’я — жонка Алена і дачка Дар’я.

1. Навошта я пішу блог

Пішу, бо мне гэта падабаецца. Я спрабую спыніць час і азірнуцца, каб зразумець, дзе знаходжуся і куды рухацца далей.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Праўду і мастацкае асэнсаваньне рэчаіснасьці.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Пустату і бессэнсоўнасьць.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Моладзь тых часоў і ня памятае. Пачалася рэстаўрацыя Траецкага прадмесьця. Узяліся будаўнікі за справу. Запрацавала тэхніка: трактары, самазвалы, рыштаваньні вакол дамкоў вырасьлі. Дрывотні і прыбіральні пазносілі, дрэвы трухлявыя пасьпілоўвалі. Няма таго, каб радавацца… Мы пачалі гаварыць, што сапсуюць будаўнікі гістарычнае месца, такое дарагое і любае кожнаму жыхару Менску. Усё! Капут гістарычнай спадчыне, капут нашай мінуўшчыне. Сам я працаваў на той рэстаўрацыі.

Нарэшце вычысьцілі квартальчык, атынкавалі, дахі перарабілі, вокны паўстаўлялі, ходнікі асфальтам закаталі, брукаванку паклалі, парэнчы і агароджы парабілі, лесьвіцы, пафарбавалі… Прыгожа зрабілася, глянуць прыемна… Няма таго, каб парадавацца, пачалі заганы адшукваць. Дыктавым той квартальчык абзываць, безгустоўным, бутафорскім…

Далей — болей. Прыбралі на рагу вуліц Інтэрнацыянальнай і Леніна кавярню “Пінгвін” — і адразу вэрхал у інтэлігенцкіх колах. Зноў гістарычны помнік вандалы будаўнікі, па загадзе з самога верху, зруйнавалі, выгляд гораду сапсавалі, гістарычную памяць зьнішчылі…

А калі прыгожы гатэль на месцы аднапавярховай і безаблічнай кавярні падняўся, то ізноў крыку і ляманту на ўвесь горад. І ня там той гістарычны гатэль раней стаяў, і ня так выглядаў, і вадасьцёкі не такія насамрэч былі, і навошта нам гатэль трэба, калі да нас замежнікі ня езьдзяць…

Пабудавалі Ратушу гарадзкую… Цар расейскі загадаў яе ў свой час зьнішчыць, каб жыхарам Менску пра былыя вольнасьці і правы не нагадвала. Зноў лямант. Бутафорыя, не такой раней наша ратуша была, не на тым месцы стаяла, ня тымі колерамі была пафарбаваная…

Праўда, пра касьцёл, які насупраць ратушы стаіць, маўчалі. Можа, Бога крыху баяліся? І за гэта — дзякуй.

Будаўнікі — вядома ж, што па загадзе — за рэстаўрацыю Опэрнага ўзяліся. Трактары, рыштаваньні, бэтонастваралкі… Кіпіць праца… Зноў і ў прэсе, і ў інэце лямант. Спахабілі… Сапсавалі… Няправільна зрабілі… Добра, што хоць не казалі, што будынак зруйнавалі і зьнесьлі. Такое сказаць цяжка, бо будынак сапраўды вялізны… З тэатрам не атрымалася…

Падумалі, схамянуліся-спахапіліся і ўсю ўвагу на помнік Максіму Багдановічу перавялі…

Набор аргумэнтаў заўсёдны, але зь мясцовымі “прывязкамі” пайшоў. Навошта помнік з гістарычнага месца ноччу цёмнай сьцягнулі-звалаклі. Гэта ўлады робяць, каб нашу сьвятыню зганьбіць… Скульптар і архітэктар былі адназначна супраць…

І нікому не прыйшло ў галаву, што помнік паэту нарэшце паставілі правільна. Прыбралі з вуліцы Янкі Купалы і паставілі на вуліцу Максіма Багдановіча…

І так ва ўсім.

Пілуюць у парку старыя дрэвы — кепска.

Саджаюць на вуліцы Карла Маркса маладыя — кепска.

Парэпаны, пабіты і патрушчаны асфальт па ўсім горадзе зьдзіраюць і брукаванку кладуць. Зноў ня так! Але тут іншы паварот. Вось куды нашы грошы падзелі-змарнавалі-перавялі…

Ці так: “Ведаем, адкуль грошы і каму тыя заводы па вырабе брукаванкі належаць! Ведаем!”

А жыхарам гораду бяз розьніцы, каму заводы належаць… Па новай брукаванцы хадзіць добра і зручна…

Цяпер новая песьня пачынаецца. Кажуць, што на месцы безаблічнага музэя Вялікай Айчыннай вайны хмарачос паставяць на “стопіцот” паверхаў…

Ён назаўсёды гістарычны краявід пахавае, бо цень яго чорны да плошчы Перамогі выцягнецца…

І другая песьня, але ня менш гучная — пра Купалаўскі тэатар, які быццам дабудаваць зьбіраюцца…

Калі думаю пра нашу беларускую мэнтальнасьць і тое, зь якім імпэтам вышукваем заганы, то скрозь згадваю словы Янкі Купалы, адзін радок зь верша. “Саміх сябе ня цэнім і ня любім…”

Як у ваду клясык глядзеў. Лепш пра нас і не сказаць, не прыдумаць.

Уладзімер Сьцяпан, Менск. 2009, красавік.