Талака ў Курапацкім лесе

Ільля Копыль прымацоўвае шыльдачку на крыжы па сваім дзядзьку ў Курапацкім лесе

4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правялі талаку па добраўпарадкаваньні народнага мэмарыялу да велікоднага тыдня. /img/icon-photogallary.gif

У мэмарыяльным комплексе “Курапаты” хапіла працы на ўсіх. Нагадаем, на днях невядомыя вандалы раскапалі дзьве магілы. Таму ўдзельнікі талакі вырашылі, перш чым засыпаць, перасеяць раскапаны невядомымі злачынцамі жвір. Гэтую працу ўзначаліў кандыдат гістарычных навук, археоляг Мікола Крывальцэвіч.

Мікола Крывальцэвіч
“Разрабаваная магіла, а зямля, якая выкінутая з магілы, зьмяшчае парэшткі расстраляных людзей, іх асабістыя рэчы, абутак, рэшткі вопраткі і гэтак далей. Мы, карыстаючыся гэтай магчымасьцю, спрабуем узяць нейкую дадатковую інфармацыю пра Курапаты, перабіраючы гэты пясок, зьбіраючы ўсе артыфакты, якія засталіся ад забітых.

Трапляецца тое, што звычайна траплялася ў гэтых магілах падчас ранейшых эксгумацый. Шмат скуранога абутку, рэшткі вопраткі, гумовы абутак – галёшы, бахілы, склееныя з гумы ад аўтамабільнай камэры. Косткі, якія тут удалося яшчэ сабраць. Паломаныя, пабітыя косткі, бо яма рабаўнічая. Ну і, напэўна, самае цікавае, што ёсьць рэшткі кашалькоў, у якіх ёсьць манэты. І мяркуючы па папярэднім прагляду, усе манэты з датамі 30-х гадоў. Самая раньняя ёсьць гэта 31-ы год, затым 33-ці, 35-ы і 36-ы гады. Бачна, што гэта звычайныя людзі, бедныя, бо абутак часта самаробны. Гэта будзе матэрыял для далейшых дасьледаваньняў і вывучэньня Курапатаў”.

Сябра КХП-БНФ Валеры Буйвал апавёў, што на месцы вандальскіх раскопаў былі знойдзеныя сабачыя сьляды.

“Сабакамі злачынцы не выратуюцца, усё роўна будуць злоўленыя і пакараныя ў межах закону. Усё шукаюць тут нейкае золата і каштоўнасьці. Іх ня можа быць на месцы расстрэлаў. Бо НКВД-ты абшуквалі людзей і забіралі ўсё сабе. Гэта нейкія злачынцы распаўсюджваюць абсалютна дзікую інфармацыю, што ў Курапатах можа быць нейкае “эльдарада”. Гэта ёсьць зьнішчэньне беларускай культуры, нашай памяці, зьдзек зь беларускага народу – нашых мёртвых і жывых”.

усталяваньне крыжа “Браслаўшчына – ахвярам рэпрэсій”. Кастусь Шыдлоўскі, Уладзімер Міцкевіч і Валеры Буйвал

Сёньня ж у Курапацкім лесе быў усталяваны яшчэ адзін крыж з надпісам – “Браслаўшчына – ахвярам рэпрэсій”. Яго прывезьлі Кастусь Шыдлоўскі і Ўладзімер Міцкевіч. Спадар Кастусь апавёў:

“Мы грамадой вырабілі гэты крыж, сабралі грошы, каб прыехаць і ўстанавіць яго. Так што гэта крыж ад усіх нас, хто зважае, што гэта месца, Курапаты, сьвятое для Беларусі. Такія месцы ёсьць і ў кожным рэгіёне. Для Браслаўшчыны гэта Беразьвечча, дзе сотні і тысячы нашых землякоў загінулі ў часы рэпрэсій. У Відзах таксама крыж пастаўлены. Але такое адно месца агульнанацыянальнае павінна быць. Гэта Курапаты. І нам хацелася, каб ад усіх жыхароў Браслаўшчыны, хто адчувае боль за тое, што адбылося, каб ён стаяў на гэтым месцы. Сёньня цудоўны дзень, Бог нам дапамагае. І мы спадзяемся яшчэ вакол крыжа зрабіць пірамідку з камянёў, каб ён прыгожа глядзеўся”.

Я падыходжу да Ільлі Копыла, які прымацаваў шыльдачку на крыжы па сваім дзядзьку. Спадар Ільля апавёў гісторыю, якую маюць многія беларускія сем’і:

Ільля Копыль
“Гэта мой дзядзька родны. Яго забралі ў 37-м годзе, завезьлі ў Менск і больш зьвестак пра яго няма. Дзядзьку забралі “за эканамічны падрыў дзяржавы”. Я так вырашыў, што яго косьці, магчыма, ляжаць у гэтай зямлі”...

Паводле Валеры Буйвала, КХП-БНФ зьбірае талокі ў Курапацкім лесе кожную суботу і сёньня, пасьля зімы, прайшла другая па ліку талака.


Удзельнікі талакі зьбіралі гальлё і сьмецьце ў вогнішча

Перасейваюць жвір

Археоляг Мікола Крывальцэвіч паказвае знойдзеную бутэлечку зь лекамі, якія часта трапляліся і пры эксгумацыі магіл у Курапацкім лесе

Знойдзеныя сёньня рэшткі адзеньня і абутку каля раскапанай вандаламі магілы