Сыстэма супраць іншадумства

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 31 сакавіка.
Гісторыя са звальненьнем выкладчыцы ангельскай мовы Марыяны Грузьдзіловіч з адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” выклікала грамадзкі рэзананс. Ці можна лічыць, што створаная сыстэма перасьледу іншадумства? Як на гэта рэагуе грамадзтва? Чаму ў перасьледзе іншадумцаў удзельнічаюць прыватныя структуры?

Удзельнікі: галоўны рэдактар часопіса “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч і старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Карач.

Ціск уладаў на іншадумцаў

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Скандальны выпадак у адукацыйным цэнтры “SOL Minsk” дае падставу чарговым разам пагаварыць пра балючую праблему беларускага грамадзтва — перасьлед іншадумства, безабароннасьць людзей.

Сытуацыя з Марыянай Грузьдзіловіч — гэта прыватны выпадак сыстэмы. Такіх выпадкаў за апошнія гады па краіне — сотні, калі ня тысячы. Вось апошнім часам адбываецца арганізаваны ціск на заснавальнікаў партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Перасьлед іншадумцаў ператварыўся ў сыстэму. Гэтая сыстэма ўзмацняецца — ці наадварот, становіцца слабой?“

Андрэй Казакевіч: “Цяжка вызначыць тэндэнцыю. Хоць, здаецца, у апошнія месяцы адбыліся станоўчыя зрухі. Шмат што залежыць ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўстановаў. Дасюль у дзяржаўных інстытутах працуюць людзі з дэмакратычнымі перакананьнямі. Ня трэба перабольшваць татальнасьць сыстэмы”.

Вольга Карач
Вольга Карач: “Ціск уладаў на іншадумцаў — гэта відавочна, але сытуацыю трэба разглядаць глыбей. Мы ўвесь час абмяркоўваем праблему стасункаў паміж уладай і апазыцыяй, шырэй — іншадумцамі. Але цікава прааналізаваць дачыненьні паміж грамадзтвам і іншадумцамі. Праблема ў тым, што ўлада атрымоўвае права на гвалт супраць іншадумцаў ад грамадзтва.

Памятаеце той скандал з “жывым шчытом”, калі даішнікі спынілі аўтамабілі і стварылі зь іх жывы шчыт? Гэта выклікала вялікае абурэньне. І ў той жа час шматлікія жахлівыя гісторыі пра зьбіцьцё міліцыянтамі ці супрацоўнікамі спэцслужбаў апазыцыянэраў абсалютна не кранаюць людзей.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт. Падчас мінулагодніх выбараў у Палату прадстаўнікоў хтосьці з кіраўнікоў Цэнтравыбаркаму расказваў, што шмат хто зь незарэгістраваных незалежных кандыдатаў пісаў скаргі, у якіх яны адзначалі: я ж ня супраць Лукашэнкі, я ж не апазыцыя. Гэта цікавы штрых, які сьведчыць пра адносіны паміж уладамі і грамадзтвам. І гэтая сыстэма ўзмацняецца з кожным днём“.

Рэакцыя грамадзтва


Карбалевіч: “Спадарыня Карач закранула цікавую праблему: гвалт улады супраць іншадумцаў падтрымліваецца грамадзтвам. Магчыма, праблема ў тым, што ў беларускім грамадзтве канфармізм закладзены ў мэнтальны код. Той факт, што ніхто з калегаў у „SOL Minsk“ не падтрымаў Марыяну Грузьдзіловіч, сьведчыць ці то пра адсутнасьць салідарнасьці ў грамадзтве, ці то пра тое, што гэтая салідарнасьць скіраваная на падтрымку дзеяньняў кіраўніцтва”.

Казакевіч: “Я б не рабіў такіх высноваў, яны перабольшаныя. Большасьць грамадзянаў такія праблемы ўвогуле не цікавяць. Людзей цікавяць пытаньні не каштоўнасьцяў, не інтарэсы калектыву ці нацыі, а пытаньне матэрыяльнага дабрабыту.

Канфармізм уласьцівы любому грамадзтву. За гады існаваньня аўтарытарнага рэжыму былі выпрацаваныя пэўныя правілы гульні. Зь іх вынікае, што публічна нельга выказваць сваю апазыцыйнасьць. У гэтым праблема, а не ў канфармізьме“.

Карбалевіч: “Можа,
За гады існаваньня аўтарытарнага рэжыму былі выпрацаваныя пэўныя правілы гульні.
праблема ў тым, што грамадзтва разглядае апазыцыю, іншадумцаў як „чужых“? А „чужых“ не шкада”.

Карач: “Грамадзтва лічыць рэпрэсіі ўлады супраць іншадумцаў нормай. А колькі ўвогуле каштуюць погляды, вартасьці? У школе мы вучылі вершы пра партызанаў, колькі “трымаўся юнак на дапросе”. То бок нас вучылі, што за свае каштоўнасьці можна ахвяраваць жыцьцём.

Калі казаць пра гэты скандал у “SOL Minsk”, то, канечне, гэтая структура не падпісвала з уладамі пагадненьня аб палітычнай ляяльнасці. Але ўзьнікае сытуацыя самацэнзуры. Калі выгады важнейшыя за каштоўнасьці.

Яшчэ адзін аспэкт праблемы. Сп-ня Грузьдзіловіч зрэагавала на заяву дзяўчынкі, якая выявілася дачкой буйнога супрацоўніка МУС. І бацькі дзяўчынкі падалі скаргу. Чаму яны паводзяць сябе так агрэсіўна? Мой досьвед дачыненьняў зь міліцыянтамі, судзьдзямі, пракурорскімі работнікамі сьведчыць пра тое, што для ўсіх іх важна лічыць сябе прыстойнымі людзьмі. Бацька гэтай дзяўчынкі, лаючы апазыцыю, якраз імкнецца выглядаць прыстойным чалавекам“.

Перасьлед іншадумцаў і прыватныя структуры?


Карбалевіч: “Усе прызвычаіліся, што іншадумцаў звальняюць зь дзяржаўных установаў. Вядома філязофская аксіёма, што дзяржаўная ўласнасьць — гэта аснова таталітарызму, а прыватная ўласнасьць — гэта аснова індывідуальнай свабоды, і чым больш прыватнай уласнасьці ў краіне, тым большы абшар свабоды.

Але ў Беларусі, здаецца, гэтае правіла ня дзейнічае. “SOL Minsk” — прыватная структура. Гэта ня першы падобны выпадак. Шмат прыкладаў, калі недзяржаўныя ВНУ звальнялі супрацоўнікаў за іншадумства. Калісьці Лукашэнка казаў, што з прыватнікам размаўляць лягчэй, бо яму ёсьць што страчваць“.

Казакевіч: “Гэтае правіла нідзе ня дзейнічае. Пра гэта сьведчыць гістарычны досьвед апошніх 30 гадоў. Вядомыя прыклады дзясяткаў краінаў, дзе была разьвітая прыватная ўласнасьць, шмат замежных інвэстыцыяў, але дзесяцігодзьдзямі гэтыя краіны мелі аўтарытарныя рэпрэсіўныя рэжымы. Прыватная ўласнасьць спрыяе дэмакратыі толькі ў стратэгічным пляне.

За апошнія 15 гадоў амаль кожны чалавек паспрабаваў пазмагацца з рэжымам і прайграў.
У Беларусі кантраляваць прыватныя структуры нескладана. Тут бізнэс моцна залежыць ад дзяржавы. Большая частка ўплывовых бізнэсоўцаў выйшла з гэтай кіроўнай эліты, цесна зь ёй зьвязаная.

Але шмат залежыць ад канкрэтнай арганізацыі і канкрэтных людзей. Прыватная ўласнасьць сама па сабе, бяз жорсткіх правілаў гульні не гарантуе пераходу да дэмакратычных каштоўнасьцяў“.

Карач: “Да такіх паводзінаў беларусаў падштурхоўвае ўласны досьвед. За апошнія 15 гадоў амаль кожны чалавек паспрабаваў пазмагацца з рэжымам і прайграў. Адсюль і ягоны выбар”.