“Каб была свая база, вынікі былі б нашмат лепшыя”

Беларускія спартоўцы, якія выступаюць у зімовых дысцыплінах, збольшага скончылі сэзон. Толькі хакеісты яшчэ зьбіраюцца на чэмпіянат сьвету ў Швайцарыю, а ў астатніх зьявілася магчымасьць падсумоўваць дасягненьні ды прааналізаваць прычыны няўдачаў. Ці ёсьць падставы для аптымізму за год да алімпійскіх гульняў у канадзкім Ванкувэры?

Зімовыя спаборніцтвы традыцыйна лічацца ня самым моцным месцам беларускага спорту. З апошніх алімпіядаў атлеты ў лепшым выпадку прывозілі два мэдалі, але, як правіла, адну ўзнагароду на ўсіх здабывалі фрыстайлісты. У перадалімпійскі сэзон увага да спартоўцаў асаблівая — у якой форме лыжнікі, біятляністы, канькабежцы, згаданыя ўжо экстрэмалы-эквілібрысты падыдуць да галоўных стартаў чатырохгодзьдзя?

Першыя высновы несуцяшальныя. Упершыню за шмат гадоў з чэмпіянату сьвету вярнулася без узнагародаў зборная ў фрыстайле. За выключэньнем Дар’і Домрачавай, няма на каго разьлічваць у колісь знакавым для беларусаў біятлёне. Пасьля заканчэньня эпохі Ігара Жалязоўскага і допінгавага скандалу з удзелам Анжалікі Кацюгі “асірацелі” беларускія канькабежцы. Лыжныя заслугі Сяргея Далідовіча і Леаніда Карніенкі так і ня сталі сыстэмнымі, а збольшага залежаць ад стану супернікаў.

Рэдактара спартовага парталу esport.by Максіма Беразінскага найбольш засмучае радыкальны адкат у біятлёне — месцы Парамыгінай, Зубрылавай, Івановай, Сашурына, Айдарава, Драчова, якія ўзьнялі біятлён у Беларусі да сусьветнага ўзроўню, збольшага застаюцца вакантнымі:

“Адносна біятлёну ўражаньні досыць прыкрыя. Калі адкінуць посьпехі Домрачавай, то астатнія дзяўчаты і хлопцы яскравых выступаў не прадэманстравалі; каб штосьці запала ў памяць з сэзону — згадаць практычна немагчыма. Калі казаць пра мужчынскую зборную, то эстафэтная каманда на чэмпіянаце сьвету папросту правалілася, заняўшы 19 месца. Такога ў нашай гісторыі яшчэ не было, і гэта, канечне, усё вельмі змрочна.
Тое, да якога стану дакаціўся беларускі біятлён, ужо проста ня лезе ні ў якія вароты
Асабліва гэта непакоіць на тле заяваў трэнэрскага штабу, што ўсё ідзе паводле пляну, маўляў, рыхтуемся да Алімпіяды. Такая пазыцыя, вядома, зручная, нібыта і крытыкаваць кагосьці не выпадае, бо значныя задачы ставяцца на Гульні. Будзем чакаць, і ўжо тады, напэўна, надыйдуць нейкія высновы, бо тое, да якога стану дакаціўся беларускі біятлён, ужо проста ня лезе ні ў якія вароты”.

У генэральнай клясыфікацыі паводле вынікаў сэзону 2008-2009 году Дар’я Домрачава заняла 7 месца. Пры гэтым на кубкавых этапах яна тройчы ўздымалася на п’едэстал гонару і некалькі разоў спынялася ў непасрэднай блізіні ад яго. Астатнія беларускія біятляністы ў агульным заліку Кубку сьвету фінішавалі далёка ад мэдалёвых пазыцый, пра што сьведчаць і рэйтынгавыя месцы: Кудрашова — 33-я, Скардзіна — 38-я, Назарава — 69-я, Калінчык — 72-я, Ананька -77-я. Найлепшы ў мужчынаў — Валіулін, ён 30-ты. За ім ідуць Новікаў — 42-гі, Сыман — 66-ты, Садоўнікаў — 84-ты, Абраменка — 107-мы.

Спартовы аглядальнік праграмы “Аб’ектыў” на тэлеканале “Белсат” Аляксандар Пуціла лічыць, што пад канец сэзону ў зімовых відах спорту назіраўся істотны спад, у тым ліку і ў патэнцыйна мэдалёвых дысцыплінах — у фрыстайле, дзе апошнім часам пакідае жадаць лепшага маральная атмасфэра, і ў біятлёне, дзе так і не ўдалося сумясьціць прыцэльную стральбу і хуткі тэмп на дыстанцыі:

“Калі б праводзіліся Алімпійскія гульні сёлета, то мы, хутчэй за ўсё, засталіся б без мэдалёў. Напэўна, нямецкі спэцыяліст Кляўс Зыбэрт паставіў камусьці стральбу, але па-ранейшаму марудна працуюць ногі ў асноўнай часткі беларускай зборнай. Што тычыцца лыжнага спорту, то нагадаў пра сябе 35-гадовы Сяргей Далідовіч — 3-е месца на этапе Кубку сьвету ў Рыбінску, гэта першы п’едэстал для Сяргея пасьля таго, як ён выйграў маратон у 2001 годзе. Вяртаньне да актыўных заняткаў спортам Анжалікі Кацюгі, якая ўжо быццам зьбіралася толькі трэніраваць, лічу станоўчым момантам для беларускага канькабежнага спорту. Яна па-ранейшаму найлепшая, і шкада, што няма іншых канькабежцаў, якія расьлі б даволі хутка. Што тычыцца фігурнага катаньня, то ўсё на тым жа месцы. Іншыя зімовыя віды — лыжнае двухбор’е, скачкі з трампліну, шорт-трэк, гарналыжны спорт — нібыта імкнуліся разьвіваць, але гэта ўсё без мэдалёвых пэрспэктываў ці нават высокіх месцаў. Таму і разьлічвае міністар спору толькі на два мэдалі на будучых Алімпійскіх гульнях”.

Дасягненьні ў некаторых відах спаборніцтваў наўпрост супярэчаць лёгіцы. Пры адсутнасьці элемэнтарнай базы для падрыхтоўкі беларускія фрыстайлісты працягваюць уваходзіць у лік наймацнейшых у сьвеце, змагаючыся за самыя высокія пазыцыі. Аднак ці доўга можна разьлічваць на прыродныя здольнасьці Грышына, Дашчынскага, Кушніра, Цупер, ня робячы захадаў дзеля падрыхтоўкі новай зьмены? Ці не паўторыцца сытуацыя, як у біятлёне?

Дзьмітрый Дашчынскі, які здабыў на мінулай Алімпіядзе ў Турыне адзіны срэбны мэдаль для каманды Беларусі, а ў 1998-м быў уладальнікам бронзавай узнагароды ў Нагана, так ацэньвае пэрспэктывы — і з падрыхтоўкай новай зьмены, і з прыцэлам на алімпійскі Ванкувэр:

“Ёсьць у нас хлопцы, якія ўжо паказваюць вынікі на ўзроўні прызавых месцаў на Кубку сьвету.
Усе вядучыя краіны ў фрыстайле маюць уласныя базы, і, адпаведна, у іх заўсёды стабільна высокія паказьнікі.
Адзінае, стабільнасьці ім яшчэ не хапае. То бок сякая-такая замена ёсьць, але натуральна, што пры наяўнасьці сваёй базы вынікі былі б нашмат лепшыя. Усе вядучыя краіны ў фрыстайле маюць уласныя базы, і, адпаведна, у іх заўсёды стабільна высокія паказьнікі”.

Карэспандэнт: “Трамплінам у Раўбічах вы асабіста колькі зорак паставілі б?”

“Ну, там у прынцыпе месца нармальнае. Адзінае, што пакаты схіл разгону, а з-за гэтага не хапае хуткасьці, каб рабіць патройныя сальта — самыя складаныя скачкі. Для юніёраў, якія трэніруюцца на ўзроўні падвойных сальта, для іх гэта збольшага нармальна. Калі зьверху паедзе, якраз упішацца. Але ў любым выпадку да Алімпіяды ўсе будуць рыхтавацца яшчэ больш узмоцнена і сур’ёзна. У нашым відзе ўвогуле цяжка нешта прадказваць, вельмі шмат фактараў, якія ўплываюць. Гэта, дапусьцім, ня плаваньне, дзе калі ты добра плывеш, то цябе мала што можа спыніць. А ў нас і ўмовы надвор’я, і судзейства — шмат што. І варажыць складана. Тым больш у Канадзе, я ўпэўнены, канадцам будуць вельмі моцна падсуджваць”.

Карэспандэнт: “Усё ж будзем спадзявацца на аб’ектыўнасьць, бо калі не фрыстайл — то што яшчэ?”

“Шчыра кажучы, мы на гэта таксама спадзяемся…”

Толькі на пачатку траўня зімовы цыкль завершаць беларускія хакеісты. На сусьветным першынстве ў Швайцарыі перад беларусамі стаіць задача заняць месца не ніжэй за сёмае. У плянах на Алімпіяду-2010 — увогуле змагацца за мэдалі. Аднак, як лічыць Аляксандар Пуціла, ніякіх падставаў да імклівага росту няма. Да таго ж, калі і надалей у штабе зборнай будзе трэнэрская неразьбярыха — кіраўнікі каманды зьмяняюцца кожны новы сэзон — то казаць пра адпаведны маральны настрой таксама не выпадае. Нагадаю, за некалькі месяцаў да пачатку чэмпіянату сьвету зборную Беларусі пачаў рыхтаваць канадзец Глен Хэнлан.