У прыватнасьці, кампанія "Космас ТБ" спыняе трансьляцыю тэлеканалаў "Рен ТВ", "Первый (Всемирная сеть)" і "НТВ-Мир". Як патлумачыла БелаПАН начальнік аддзелу праграм "Космас ТБ" Алена Клюйкова, гэта зьвязана "з неабходнасьцю выкананьня рашэньняў Саўміна і закону аб СМІ, згодна з якімі замежныя тэлевізійныя каналы абавязаны атрымліваць дазвол на трансьляцыю на тэрыторыю Беларусі".
Паводле слоў Клюйковай, згодна з пастановай урада ў замежных тэлеканалаў было тры месяцы на атрыманьне дазволу. "Яны не правялі гэтую работу, і мы вымушаны спыніць іх трансьляцыю", — сказала яна.
"Некаторыя СМІ камэнтуюць гэтую сытуацыю як палітычнае рашэньне, але мы так ня лічым", — падкрэсьліла прадстаўніца кампаніі.
Паводле яе, каналы "Рен ТВ", "Первый (Всемирная сеть)" і "НТВ-Мир" будуць замешчаны іншымі— напрыклад, "Россия. Вести 24 часа", "Мир. СНГ". "Якасьць пакета напаўненьня праграмаў застанецца на ранейшым узроўні", — запэўніла начальнік аддзела.
Паводле інфармацыі інтэрнэт-рэсурса marketing.by, "на мінулым тыдні папаўзла чарговая хваля чутак, што ў Беларусі будзе спынены паказ такіх тэлеканалаў, як "Рен ТВ", "Первый (Всемирная сеть)", ТВЦ, "РТР-Планета", "НТВ-Мир". "На гэтым тыдні ў Міністэрстве інфармацыі пройдзе сход, у якім возьмуць удзел прадстаўнікі Мінінфармацыі, прадстаўнікі вядучых беларускіх каналаў, сейлзхаўсаў, на якім будзе прынятае канчатковае рашэньне. Выказваецца таксама меркаваньне, што гэтыя дзеяньні выкліканы лабізмам буйных каналаў і сейлзхаўсаў", — паведамляе сайт.
На просьбу БелаПАН пракамэнтаваць гэтае паведамленьне, памочнік міністра інфармацыі Беларусі Віктар Казлоў адказаў: "У нас няма інфармацыі аб забароне на трансьляцыю шэрагу каналаў".