Начальнік крымінальнай міліцыі Пінску Ўладзімер Рыбак абвінаваціў мясцовае прадпрыемства “Гарадзкое сьвятло” ў патураньні зламысьнікам. Міліцыянт даводзіць, што з-за зьмяншэньня колькасьці вулічных ліхтароў пачасьціліся выпадкі рабунку грамадзянаў у вячэрні час.
Чым далей у Пінску вуліцы ад цэнтру, тым горш яны асьветлены ў цёмны час сутак. Якраз на гэта скардзяцца міліцыянты. Да прыкладу, сяржант з кругласутачнага патруля Ўладзіслаў Кошалеў тлумачыць:
“Такая праблема ёсьць. І яна істотная. Мы нават накіроўваем інфармацыю ў выканкам. Ёсьць цалкам неасьветленыя двары шматпавярховых дамоў. А калі двор не асьветлены, то гэта спрыяе зьдзяйсьненьню крадзяжоў”.
Паводле суразмоўцы, у сакавіку на цёмных вуліцах невядомы абрабаваў у Пінску некалькі жанчын. Падбягаў і вырываў з рук сумачкі. Таксама ў цемры адбыліся дарожныя аварыі на вуліцах Спакойнай, Луначарскага, Коласа.
Начальнік пінскага прадпрыемства “Гарсьвятло” Анатоль Ксёнжык змушаны апраўдвацца. Даводзіць, што яго служба выконвае рэжым эканоміі, які спушчаны зьверху:
“У нас у горадзе 398 вуліц. А ёсьць дырэктыва “Д-3” па эканоміі. Даведзена таксама пастанова беларускага ўраду, у якім вызначана для жыльлёва-камунальных гаспадарак зьнізіць спажываньне электраэнэргіі на тры працэнты, незалежна ад новага будаўніцтва. Калі не выконваецца, то будзе аплачвацца ў двайным рэжыме. І гэта ня толькі па горадзе Пінску”.
Са словаў Анатоля Ксёнжыка, з-за эканоміі выключаецца электраасьвятленьне на больш як дзьвюхстах вуліцах у Пінску. Суразмоўца кажа, што скаргаў ад насельніцтва ўжо звыш пяцідзесяці. Але начальнік прызнаецца, што вымушаны слухаць уладу, а не людзей:
“Указана, каб зьніжалі спажываньне вулічнага асьвятленьня ня менш чым на пяцьдзясят працэнтаў. Гэта парушае нават дзяржаўны стандарт. Але — у сувязі са становішчам...”
Колішні дэпутат Пінскага гарсавету, сябра руху “За свабоду” Юры Бахцераў арганізаваў збор подпісаў жыхароў Пінску супраць парушэньня так званых сацыяльных стандартаў:
“Сапраўды, ёсьць пытаньні да пінскага “Гарсьвятла”. Больш тут суб’ектыўных прычын. У тым ліку пазыцыя людзей. Чыноўнік ня хоча выконваць свае абавязкі, пакуль не прымусіць яго грамадзянін. Трэба гэтага чыноўніка ганяць дубінай, тады ён возьмецца за працу”, — кажа пінскі актывіст Юры Бахцераў.