Пракуратура адмовілася правяраць адпачынак Лукашэнкі

Генэральная пракуратура Беларусі адмовілася правяраць абставіны паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Сэрбію.

Такі адказ на свой зварот у пракуратуру атрымаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Палітык прасіў генпракурора Рыгора Васілевіча "правесьці праверку усіх абставінаў адпачынку А.Лукашэнкі і асобаў, якія яго суправаджалі, у Сэрбіі на прадмет устанаўленьня магчымага нямэтавага выкарыстаньня дзяржаўных сродкаў”.

У адказе з пракуратуры за подпісам начальніка аддзелу па нагляду за захаваньнем правоў і свабодаў грамадзян генпракуратуры гаворыцца, што "пастаўленыя ў звароце пытаньні да кампэтэнцыі органаў пракуратуры не адносяцца".

У інтэрвію БелаПАН А.Лябедзька адзначыў, што “пракуратура ня стала сьцьвярджаць, што з пазыцыі заканадаўства ўсе бездакорна, а гэта ёсьць ускосным пацьвярджэньнем таго, што закон парушаны”.

Паводле старшыні АГП, цьверджаньні, што гэтыя пытаньні не адносяцца да кампэтэнцыі пракуратуры не вытрымліваюць ніякай крытыкі.