“Кітайскі вопыт” – гэта проста ўвядзеньне цэнзуры”

Андрэй Бастунец

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт прапанаваў дзяржаве на заканадаўчым узроўні рэгуляваць інтэрнэт з выкарыстаньнем вопыту Кітая.
Такую заяву ён зрабіў у часе сустрэчы кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі з членамі Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы. Паводле ўладыкі Філарэта, “кітайскі досьвед цікавы тым, што адказнасьць за выкарыстаньне інтэрнэту ўскладзеная не на дзяржаву, а на тых, хто прадстаўляе доступ да сеткі”. Якія наступствы для мэдыйнай прасторы можа мець рэалізацыя такой прапановы? Алесь Дашчынскі гутарыць з прадстаўніком Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэем Бастунцом.

Дашчынскі:
Нагадаем, што гэта ўжо ня першая спроба ў Беларусі ўвесьці рэгуляваньне інтэрнэт-прасторы. І зноў за прыклад бярэцца кітайскі вопыт.

Бастунец: “БАЖ ужо сваю пазыцыю выказваў неаднаразова. Мы лічым, што рэгуляваньне дзейнасьці інтэрнэту можа адбывацца толькі на падставе міжурадавых, міждзяржаўных пагадненьняў. А па-другое, я хацеў бы ўжо ад сябе асабіста сказаць, што спасылкі на кітайскі вопыт проста непрыстойныя. У цывілізаваным грамадзтве аб гэтым нават не кажуць, бо гэта лічыцца за дурны тон. І тое, што ў нас гэта гучыць раз за разам, выклікае толькі адмоўную рэакцыю, непаразуменьне”.

Дашчынскі: Магчыма, такое стаўленьне да інтэрнэту абумоўлена кансэрватызмам самой царквы. Я нагадаю гісторыю з праваслаўным сьветаром айцом Аляксандрам Шрамком, які нават меў пакараньне за ўдзел у онлайн-канфэрэнцыі, за ягоныя артыкулы на сайце “Царква”, а таксама “анэкдоты”, якія айцец Аляксандар рэгулярна зьмяшчаў у сваім блёгу. Яму нават забаранялі без дазволу біскупа займацца публіцыстычнай дзейнасьцю. Дык чым жа “непрыстойны” кітайскі вопыт у сфэры інтэрнэту?

Бастунец: “Кітайскі вопыт – гэта ёсьць адразаньне сябе ад інфармацыйных патокаў, наогул, ад звычайнага накірунку сучаснай цывілізацыі. Гэта кансэрваваньне сытуацыі, перакрыцьцё інфармацыйных патокаў ня толькі ў краіну, але і з краіны. Па вялікім рахунку – гэта проста ўвядзеньне цэнзуры. І заўважу, што гэта парушае наўпрост артыкул 19-ы міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь падпісала і ратыфікавала. У ім гаворка ідзе аб праве кожнага распаўсюджваць любую інфармацыю любымі спосабамі незалежна ад дзяржаўных межаў”.

Дашчынскі: Аднак уладыка Філарэт кажа, што насамрэч занепакоены пагрозай з боку амаральнай інфармацыі, якая стала даступнай дзецям і падлеткам. Паводле ўладыкі Філарэта, для іх “віртуальны хаос” небясьпечны...

Бастунец: “Ёсьць некалькі варыянтаў таго, каб зрабіць такую інфармацыю недаступнай. Гэта, з аднаго боку, і на нейкім сямейным узроўні, з дапамогай устаноўкі фільтраў. А зь іншага боку, я думаю, што гэта проста выхаваўчая праца. Лепш бы ўжо царква займалася выхаваўчай працай, чымсьці выходзіла з падобнымі прапановамі”.