Сёньня ў Менску каля дзьвюх тысяч чалавек узялі ўдзел у сьвяткаваньні Дня Волі. Акцыя адбывалася ў раёне Акадэміі навук.
А 18-й гадзіне ўдзельнікі акцыі сабраліся на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Сярод іх былі Аляксандар Мілінкевіч, Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец ды іншыя. Асабліва было шмат моладзі — актывістаў “Маладога фронту”, “Маладой Беларусі”, “Моладзі БНФ”, “Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі”, “Эўрапейскай Беларусі”. Перад пачаткам акцыі высьветлілася, што гукаўзмацняльная апаратура была затрымана міліцыянтамі ў двары Інстытуту гісторыі. Аднак пасьля перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў у прысутнасьці кіраўніка менскага офісу АБСЭ апаратуру ўдалося вызваліць, і Лявон Баршчэўскі пачаў мітынг на прыступках каля Акадэміі навук. Ён павіншаваў усіх з Днём Волі і адзначыў, што напярэдадні ад імя арганізатараў быў накіраваны ліст у Менгарвыканкам. У лісьце былі выкладзены прычыны, чаму вялікая калёна ня можа рушыць па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор.
“Яна часткова перагароджана машынамі, часткова рыштаваньнямі для рамонту. І мы, арганізатары, думаем, што па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор мы прайсьці ня зможам. Ёсьць іншыя думкі? Іншых думак няма. Дзень 25 сакавіка — гэта сьвята павінна стаць нашым галоўным сьвятам і пасланьнем. Мы абавязкова прывучым усіх паважаць нас, паважаць наша сьвята”.
Таксама падчас мітынгу выступілі Павал Севярынец і Мікола Статкевіч. Потым Віктар Івашкевіч прапанаваў усім удзельнікам акцыі ўтварыць ланцуг уздоўж праспэкту Незалежнасьці — ад Акадэміі навук у бок Нацыянальнай бібліятэкі. І ўдзельнікі акцыі разам зь бел-чырвона-белымі і эўрапейскімі сьцягамі, плякатамі ўтварылі своеасаблівы вялізны пікет.
Таксама Віктар Івашкевіч заклікаў ня слухаць правакатараў з боку спэцслужбаў, якія могуць падбухторваць, каб дэманстранты перакульвалі машыны. Пакуль утвараўся ланцуг, частка моладзі, пераважна актывісты “Маладога фронту” і “Маладой Беларусі”, утварылі калёну са сьцягамі і расьцяжкамі і накіраваліся ў бок плошчы Якуба Коласа. Аднак на скрыжаваньні з вуліцай Петруся Броўкі ім перагарадзілі дарогу шыхты ўнутраных войскаў. На некалькі хвілін калёна спынілася і потым рушыла назад, у бок Акадэміі навук. Пры гэтым частка дэманстрантаў спрабавала выйсьці на праезную частку, аднак супрацоўнікі міліцыі выціснулі іх на ходнікі. Артур Фінькевіч патлумачыў, чаму спынілі шэсьце:
“Было бессэнсоўным ствараць чарговае пабоішча, тым болей што тая колькасьць спэцназу, якая там была, у некалькі разоў пераўзыходзіла папярэднія акцыі. Тое, як трэніраваўся АМАП у частцы 32/14 учора, пазаўчора і сёньня з усіх рэгіёнаў Беларусі, які пазвозілі папярэдне. З ужываньнем нават калючага дроту, які быў бы расьцягнуты недзе ў раёне вуліцы Дарашэвіча, калі б мы ня выйшлі на праспэкт Скарыны. Таму было б недальнабачным ісьці на гэтае сутыкненьне, толькі каб чарговы раз стварыць нейкую карцінку. Насамрэч сёньня сьвята, сёньня мы яго адзначылі годна”.
На пляцоўцы каля Акадэміі навук удзельнікі акцыі ўтварылі невялікае вогнішча — палілі партрэты кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і нават некалькі ўлётак, на якіх было напісана “АДС”. Да вогнішча падышоў Вінцук Вячорка і спрабаваў яго патушыць.
“Зразумела, што мы не прадугледжвалі ніякіх вогнішчаў. Тым больш такіх сьмярдзючых. Па другое, канцэпцыя акцыі ў нас была іншая. Людзі мелі паказаць праезным, што нас шмат, што сёньня наша сьвята сапраўднай незалежнасьці і свабоды. І яно не павінна быць азмрочана ніякім чынам. А гэтая акцыя выпадала з такой канцэпцыі. І трэці момант, яна ўсё ж рабілася вузкім колам, каб гэта зьнялі журналісты. Наша ж задача была — ствараць падзеі, якія б пабачыла маса людзей”.
Спадар Вячорка лічыць, што акцыя сёньня ўдалася. І арганізатары прапанавалі фармат, які выключыў магчымыя правакацыі з боку ўладаў.
“Ужо пасьля акцыі да нас падыходзілі людзі і дзякавалі за гэты фармат, лічылі яго вельмі правільным. Мы забясьпечылі людзям магчымасьць годна засьведчыць сваю пазыцыю, і пры гэтым мы не падставілі іх пад небясьпеку”.