Новыя дакумэнты Касьцёлу – па-беларуску

Тадэвуш Кандрусевіч

25 сакавіка Каталіцкі касьцёл сьвяткуе адно з найважнейшых сьвятаў – Зьвеставаньне. Беларускі касьцёл да гэтай даты прымеркаваў чарговую прэзэнтацыю Дакумэнтаў Другога Ватыканскага Сабору ў перакладзе на беларускую мову. Іпрэза адбылася напярэдадні ў Міждыяцэзыяльнай вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску. Па аднаму асобніку Дакумэнтаў касьцёл перадае ў падарунак усім буйным бібліятэкам краіны.
Дакументы Другога Ватыканскага Сабору – гэта асноўныя законы, якімі кіруецца каталіцкі касьцёл з сярэдзіны 60-гадоў мінулага стагодзьдзя. Па-беларуску яны былі надрукаваныя ўпершыню паводле ініцыятывы Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Паведамляе адказны за СМІ, ксёндз Аляксандр Амяльчэня:

“Сапраўды, вельмі важная падзея. Мы вельмі даўно чакалі гэтых дакумэнтаў, бо усё навучаньне, уся тэалёгія маральная, дагматычная і іншыя накірункі абапіраюцца на Дакумэнты Другога Ватыканскага сабору. Таму надзвычай важна, што яны ёсьць на беларускай мове. Варта імі цікавіцца, варта іх чытаць, варта на іх зьвяртаць на іх увагу. Таму і адбываюцца прэзэнтацыі”.

Дакументы Другога Ватыканскага Сабору раней былі перакладзеныя з латыні на італьянскую, францускую, польскую, расейскую і іншыя мовы. Усе гэтыя крыніцы сталі дадатковымі дапаможнікамі ў перакладзе тэкстаў па-беларуску. Праца доўжылася крыху больш за год, кажа старшыня Сэкцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла, доктар Ян Крэміс:

“Гэта знакавая падзея, бо цытаты дакумэнтаў сабору часта прыводзяцца ў розных выданьнях. Гэта таксама падстава для далейшага разьвіцьця каталіцкай літаратуры. І ўвогуле ў гэтым выданьні прадметны паказальнік у канцы кнігі зьмяшчае 623 паняткі. Ёсьць сярод іх вядомыя, а ёсьць і нновараспрацаваныя. Так што гэта таксама і ўнёсак у разьвіцьцё беларускай мовы, хрысьціянскіх паняткаў і тэрмінаў”.

Аднаўленьне жыцьця касьцёла ў сучасным сьвеце, дыялёг з хрысціянскімі канфесіямі і нехрысціянскімі рэлігіямі — толькі некаторыя пытаньні Другога Ватыканскага Сабору, скліканага на ініцыятыву папы Яна ХХІІІ.. Па асобніку Дакумэнтаў Другога Ватыканскага Сабору касьцёл падараваў Праваслаўнай Царкве у Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ўсім абласным і раённым бібліятэкам. Бо гэтае выданьне цікавае і карыснае ня толькі ерархам царквы і духоўным асобам, але і людзям сьвецкім, кажа ксёндз Аляксандр Амяльчэня:

“Сабор сапраўды стаў новым этапам у жыцьцьці касьцёлу і ягоныя дакумэнты, іх ажыцьцяўленьне робіць сёньняшні касьцёл больш сучасным і адкрытым да патрэбаў сёньняшняга чалавека. Гэта такая “дарожная карта” для кожнага католіка ў сучасным сьвеце. І таму вельмі важна, што гэтыя дакумэнты сталі больш даступнымі для ўсіх нас”.

Прэзэнтацыя Дакумэнтаў Другога Ватыканскага Сабору адбылася ў Менску, Горадне, Пінску, а таксама будзе доўжыцца цягам усяго году. Найбліжэйшая імпрэза адбудзецца ў Архікатэдральным касьцёле ў Менску 18 красавіка.