Літаратурную прэмію “Гліняны Вялес” за найлепшую кнігу мінулага году атрымаў пісьменьнік Барыс Пятровіч. Урачыстая цырымонія ганараваньня адбылася сёньня ў Полацку ў Музэі беларускага кнігадрукаваньня.
Сёньня, у Міжнародны дзень паэзіі, пісьменьнік Барыс Пятровіч атрымаў літаратурную прэмію за кнігу кароткіх празаічных мініятур і вершаў “Жыць ня страшна”. Цырымонія ўручэньня гэтай незалежнай прэміі, заснаванай у 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў, традыцыйна адбылася ў Полацку ў Музэі беларускага кнігадрукаваньня. Распавядае каардынатар ТВЛ Алесь Аркуш:
“Тут прыехалі госьці зь Менску і зь Віцебску, сабраліся прадстаўнікі інтэлігенцыі з Полаччыны. Традыцыйна ляўрэат атрымаў узнагароду – керамічнага “Глінянага Вялеса”. Пасьля гэтага яго павіншавалі ягоныя сябры вядомыя пісьменьнікі Ўладзімер Арлоў, Алесь Пашкевіч, Сяржук Сыс. А напрыканцы імпрэзы адбыўся паэтычны маратон, бо сёньня – Міжнародны дзень паэзіі, таму ўсе прысутныя на імпрэзе паэты чыталі свае вершы”.
Для Барыса Пятровіча “Гліняны Вялес” – гэта першая літаратурная ўзнагарода, хоць ягоная пасьпяховая творчасьць налічвае ўжо не адзін год. У сваёй ляўрэацкай прамове ён гаварыў пра сваё пакаленьне ў беларускай літаратуры, а гэта пакаленьне “Тутэйшых”, як пра замоўчанае. У інтэрвію нашаму радыё спадар Пятровіч патлумачыў:
“У майго пакаленьня лепшыя творчыя гады прыйшліся на гады смуты, калі і дзяржава практычна не дапамагала творцам, і не было мэцэнатаў, таму кніжкі выходзілі рэдка. Не было практычна доступу да тэлебачаньня, радыё і газэт і таму інфармацыі пра новыя кнігі і творчасьць пісьменьнікаў было вельмі мала. Многім маім аднагодкам, тым, каму ў дзевяностыя гады было 25-30 гадоў, сёньня 50. Час нібыта падводзіць нейкія вынікі, а мы практычна не гатовыя да гэтага”.
Нягледзячы на мінорны тон прамовы настрой у ляўрэата сьвяточны.
“Атмасфэра і само сьвята тут падпарадкавана нейкім традыцыям і гэта вельмі добра. Я хацеў бы, каб у нас у Беларусі як мага больш было цікавых і значных прэміяў і такіх сьвятаў, як сёньня”.
Нагадаем, што незалежны літаратурны часопіс “Дзеяслоў”, галоўным рэдактарам якога зьяўляецца Барыс Пятровіч, таксама мае сваю штогадовую прэмію “Залаты апостраф”.