У Горадні зноў адкрыўся самы стары кінатэатар

Кінатэатар “Чырвоная зорка” сёньня, яму сёлета 95 гадоў

У Горадні сёньня адкрыўся пасьля рэканструкцыі самы стары ў горадзе кінатэатар. Ён быў пабудаваны ў 1914 годзе напярэдадні Першай Сусьветнай вайны штабс-капітанам Манастырскім, яго назвалі “Эдэм”. За польскім часам назву зьмянілі, пры канцы ён называўся “Палёнія”, а савецкая ўлада ў 1940-м годзе павесіла новую шыльду, якую не мяняюць амаль семдзесят гадоў і сёньня на архітэктурна адметнай камяніцы напісана па-расейску “Чырвоная зорка”.

Карэспандэнт: “Першае, калі ўваходзім, мы бачым дзяўчатаў, якія адзеты і загрыміраваныя пад Чарлі Чапліна. Колькі Чарлі Чаплінаў тут?”

Дзяўчына: “Мы з Гарадзенскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў, нас каля пятнаццаці, тры хлопцы ёсьць сярод нас. У нас проста група дзявочая”.

Карэспандэнт: “А хто вы будзеце па спэцыяльнасьці?”

Аздаблялі адкрыцьцё дзяўчаты-Чарлі Чапліны, яны запрашалі ў глядзельную залю
Дзяўчына: “Рэжысэры народных абрадаў і сьвятаў”.

Унук штабс-капітана Манастырскага Георгі: “Я гавару, што ўнук палкоўніка, таму што калі ён пайшоў у армію, калі пачалася вайна, ён даслужыўся да палкоўніка ў 1917 годзе”.

Карэспандэнт: “Узьнікае пытаньне: як у штабс-капітана знайшліся такія грошы, каб пабудаваць кінатэатар?”

Манастырскі: “Тлумачу: дзед выйшаў у адстаўку, атрымаў дапамогу пасьля службы, а бабуля прадала маёнтак дзесь пад Саратавам, яны склалі грошы разам і атрымалася такая сума, якая дазволіла будаваць кінатэатар гэты з дазволу тагачасных уладаў”.

Карэспандэнт: “А Вам падабаецца гэтая назва — «Чырвоная зорка», ці адпавядае яны калёнам, усяму архітэктурнаму абліччу?”

Манастырскі: “Без камэнтароў… Але зорка ёсьць зорка, яна паўсюль павінна сьвяціць, “звезда пленительного счастья”, “Паўночная зорка”.

Журналіст і краязнаўца Вітольд Іваноўскі: “Мяне ўразіла тое, што гэтыя людзі, якія былі фактычна расейцамі, яны многа зрабілі на нашай зямлі. Дзед пана Манастырскага пабудаваў кінатэатар. Ён вярнуўся палкоўнікам з вайны, але тут ужо іншая нейкая суполка валодала гэтым кінатэатрам, ён судзіўся сем гадоў, але яны былі багатыя, пракурораў, судзьдзяў, адвакатаў перакуплялі, тады ён плюнуў і паехаў у Вільню. Як ні дзіўна, захавалася нават сутжка, якая павінна была дэманстравацца на першым кінасэансе, былі замоўлены афішы, а ён не адбыўся. Чаму? Пачалася Першая сусьветная вайна, і яго прызвалі як афіцэра ў армію”.



Рэканструкцыя самага старога гарадзенскага кінатэатру цягнулася некалькі гадоў і каштавала больш за два мільярды рублёў. Раней месцаў было больш за трыста, сёньня іх 132. Такога шыкоўнага кінатэатру ў Беларусі больш няма, перакананыя гарадзенскія ўлады. Квіткі на сэансы будуць каштаваць ад васьмі да дванаццаці тысяч рублёў.