Як зэканоміць 300 даляраў?

Паводле інфармацыі БелТА, у першыя два месяцы 2009 году попыт на рыбу скараціўся амаль на 17%, на сыр – на 5,6%. У студзені насельніцтва набыло на 15% меней мяса і мясных прадуктаў, а яек – меней на 40%. Ці заўважаюць зьмены ў спажывецкім попыце крамы, і як ацэньваюць свае пакупніцкія здольнасьці наведнікі менскіх крамаў?
У спэцыялізаванай рыбнай краме “Віталюр” памяншэньня попыту на рыбную прадукцыю не заўважылі:

“У нас як быў пастаянны паток наведнікаў – так ён і застаўся. У кожнага свая прычына, каб прыйсьці і набыць тавар”.

Сетка крамаў “Рублёўскі” мае слоган: “Да хаты – бліжэй, кошты – таньней”. Маркетынгавая схема – пастаянная сыстэма зьніжак на пэўную групу тавараў.

Можа, гэты ход дапамагае, можа геаграфічнае становішча, але на спад пакупніцкага попыту мае суразмоўцы ня скардзяцца:

“Мне здаецца, у нас з попытам нішто не зьмянілася. Так, кошты падняліся, але наша крама ня мае канкурэнтаў паблізу, так што выбару асаблівага ў пакупнікоў няма”.

У краме “Генэрал” лічаць, што крызыс – крызысам, а голад – ня цётка:

“Асабліва мы не заўважаем: які быў таваразварот – гэткі і застаўся. Сыры бралі і бяруць, рыба таксама як быццам прадаецца, усё выглядае так, як і было. Нягледзячы на крызыс. Людзі елі, ядуць і будуць есьці, які б крызыс ня быў”.

А вось пакупнікі гэтай самай крамы маюць розныя меркаваньні. Сапраўды, нікуды не падзенесься, пагаджаецца з гандляркай маці двух дарослых сыноў, якая ацэньвае сваё фінансавае становішча як “сярэдняе”:

“Няма словаў, як усё даражэе! Заробкі ж нашы засталіся тыя ж, а кошты зьмяніліся! На прадукты трацім значна болей, чым раней. Сыры, тварог я ўсё адно набываю, бо я лічу гэта прадуктамі, жыцьцёва неабходнымі. А наконт рыбы… вельмі, вельмі дарагая стала. Ну, можна сабе дазволіць раз на тыдзень, раз на два тыдні. Але калі раней ты выбіраў філе хека, а да яго яшчэ мог набыць скумбрыю ці нешта яшчэ, то цяпер ты дакладна стаіш перад выбарам: выбраць трэба нешта адно”.

Другая кабета ставіцца да крызісу вельмі спакойна:

“Я набываю тое, што мне падабаецца, і не асабліва зважаю на астатніх людзей вакол. Мне здаецца, я пакупаю тое, што заўсёды і набывала. Прыкладам, рыбу я ня вельмі люблю”.

На думку эканаміста Яраслава Раманчука, падаражаньне прадуктаў – лягічнае і вытлумачальнае:

“Выдаткі на ежу ў Беларусі складаюць больш за 40% – гэта вельмі многа. Калі яшчэ кошты пойдуць угору, то адзіны спосаб траціць на гэта меней – дазволіць імпарт. У гэтым накірунку мазгі нашых уладаў не працуюць. Ня можам самі выпускаць прадукцыю, якую б куплялі ў час крызысу – і не пускаем чужую, нават суседзяў. Калі б у нас былі ўсясьветныя рыначныя цэны, то прадукты ў нас былі б значна таньнейшыя. І кожная сям’я магла б зэканоміць да 300 даляраў за год”…