Украінскі амбасадар у Беларусі Ігар Ліхавы сёньня заявіў пра актывізацыю палітычных адносін Беларусі і Ўкраіны. Разам з гэтым у сувязі з эканамічным крызісам перажывае рэзкі спад таваразварот паміж дзьвюма краінамі.
Летась двухбаковы таваразварот паміж Беларусьсю і Ўкраінай дасягнуў рэкордных 5 мільярдаў 300 мільёнаў даляраў. Украіна выйшла на трэцяе месца сярод зьнешніх гандлёвых партнэраў Беларусі пасьля Расеі і Галяндыі. Выглядае, аднак, што сёлета ня ўдасца дасягнуць леташніх паказчыкаў.
За першыя два месяцы 2009 году таваразварот паміж дзьвюма краінамі ўпаў больш як у два разы, — паведаміў кіраўнік гандлёва-эканамічнай місіі пасольства Ўкраіны ў Менску Пятро Лайшаў.
Паводле ягоных словаў, у студзені гэтага году ўзаемны таваразварот склаў 137 мільёнаў даляраў — гэта падзеньне ў 2,5 раза ў параўнаньні зь леташняй лічбай у 349 мільёнаў даляраў. Паводле папярэдніх зьвестак, у лютым таваразварот паміж Украінай і Беларусьсю склаў 195 мільёнаў даляраў — пры тым, што за той жа пэрыяд летась ён дасягнуў 415 мільёнаў даляраў.
Таваразварот рэзка ўпаў перш за ўсё коштам машынабудаваньня і іншых бюджэтаўтваральных галінаў эканомікі, — прызнаў украінскі амбасадар у Менску Ігар Ліхавы:
“Гэта заканамерна, гэта можна патлумачыць, толькі пагаджацца з гэтым нельга. Трэба гэтаму супрацьстаяць”.
Паводле Ігара Ліхавога, Украіна перажывае крызіс больш адчувальна, чым Беларусь. Ужо цяпер там паўстала пагроза росту беспрацоўя. Спадар Ліхавы паведаміў, што ўрады Ўкраіны і Беларусі распрацоўваць плян сумесных дзеяньняў па пераадоленьні эканамічнага крызісу. Гэтая тэма будзе галоўнай для абмеркаваньня на сустрэчы прэм’ер-міністраў Юліі Цімашэнкі і Сяргея Сідорскага, якая павінна адбыцца ў красавіку ў Кіеве альбо Менску.
Адзін з магчымых антыкрызісных захадаў — выкарыстаньне грыўні і беларускага рубля ў двухбаковых разьліках. Пра гэта ўрады дамаўляліся яшчэ ў 2006 годзе, калі было вырашана стварыць філіі дзяржаўных банкаў — украінскага ў Беларусі і беларускага ва Ўкраіне, паведаміў Пятро Лайшаў:
“Калі б гэта было выканана ў той час, то я думаю, што сёньня фінансавы крызіс, які сёньня закрануў усіх, на маю думку, у нас праходзіў бы ў зусім іншых ракурсах”.
Пасол Украіны ў Менску Ігар Ліхавы яшчэ раз нагадаў пра патрэбу ратыфікацыі беларускім бокам дамовы аб супольнай мяжы, што павінна паскорыць працэс яе дэмаркацыі і далейшага абсталяваньня:
“Як наступства гэтай праблемы — тое, што ўкраінска-беларуская мяжа застаецца даволі такім гарачым месцам на мапе межаў Беларусі: амаль кожнае другое надзвычайнае здарэньне, якое адбываецца на межах Рэспублікі Беларусь, зьвязана з гэтым участкам. Гэта таму, што там яшчэ шмат нявырашаных пытаньняў. Нам хацелася б мець цывілізаваную мяжу”.
Беларускі парлямэнт адмаўляецца ратыфікаваць дамову аб мяжы з Украінай больш за 10 гадоў у сувязі з адмовай Кіева прызнаць дзяржаўным шматмільённы доўг прадпрыемствам Беларусі, які ўтварыўся на пачатку 1990-х гадоў.