Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – польскі журналіст Цэзары Галіньскі. Сёньня ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра падзеі вакол зьезду беларускіх палякаў.
– Калі я шэсьць гадоў таму вяртаўся зь Менску ў Польшчу, месцам жыхарства выбраў Беласток. Між іншым таму, што гэта самы “беларускі” з польскіх гарадоў, ды й да самой Беларусі адсюль недалёка. 60 кілямэтраў да мяжы і крыху больш за 70 – да Горадні.
На жаль, Беларусь, хоць так блізкая геаграфічна, за гэтыя гады бліжэй ня стала, наадварот – усё ж аддаляецца. А апошнія падзеі ў Горадні, толькі прыклад таму.
Цэзары Галіньскі. Сёлета ў верасьні яму 40 гадоў. Зь іх амаль траціну аддаў працы карэспандэнтам “Газэты выборчай” ў Беларусі а таксама супрацоўнікам польскай службы Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода. Перадаваць свае матэрыялы ў заходні друк Цэзар пачаў ад 1991 году. Спадар Галіньскі супрацоўнічаў тады і зь незалежнымі беларускімі СМІ – газэтай “Свабода”, гродзенскай “Біржай інфармацыі”. Цяпер жыве ў Беластоку, а працуе там і ў Варшаве, на тэлеканале Белсат. Таму добра ведае, што адбываецца ў Менску, Горадні, Магілёве… |
А можа, сьвядома было вырашана скарыстацца момантам, каб канчаткова дабіць непакорны Саюз палякаў, палічыўшы Зьезд неадбыўшымся. Так ужо было – напрыклад, зь незарэгістраванай “Нашай Вясной”.
Магчыма таксама, што Лукашэнка, альбо хтосьці зь ягонага атачэньня вырашыў такім чынам праверыць, што Менск можа сабе дазволіць у сваёй гульні з Эўропай. Менавіта тэстуючы рэакцыю і пазыцыю Варшавы, а разам зь ёй – Брусэлю – напярэдадні рашэньня аб прыняцьці альбо непрыняцьці Беларусі ва “Ўсходняе Партнэрства”…
Таму цікавая рэакцыя польскага ўраду і яе магчымыя наступствы. Тым больш, сам прэм’ер-міністар Дональд Туск непасрэдна ведае кантэкст справы. Варта нагадаць, што цяперашні кіраўнік ураду Польшчы менавіта за падтрымку Саюзу палякаў быў прызнаны беларускім бокам пэрсонай нон-грата, і наколькі я ведаю, ніхто гэта ніколі не адмяняў, што, напэўна, таксама зьяўляецца прэцэдэнтам у двухбаковых адносінах.
Але гэта ўжо тэма для палітычных аналітыкаў.
Мне асабіста больш за ўсё шкада, што менска-магілёўская каманда Лукашэнкі разбурае своеасаблівы падмурак грамадзянскай супольнасьці, які так арганічна кампанаваўся ў карціну Гарадзеншчыны і ўсяго нашага памежжа – ня толькі ў геаграфічным, але культурным і грамадзкім разуменьні гэтага слова.
Яшчэ заснавальнік Саюзу палякаў Тадэуш Гавін заўсёды казаў, што „Nie ma odrodzenia polskości bez odrodzenia białoruskości”. Потым выхаванцы Гавіна праводзілі гэтую палітыку далей – дастаткова было зайсьці на офіс гарадзенскай “Ратушы”, а потым – у выбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча... І гэтая лінія працягваецца – факт, што актывісты Саюзу пазыцыянуюцца як палякі, абсалютна не замінае факту, што яны сапраўдныя беларускія патрыёты. Гэта відаць нават на прыкладзе моўнага пытаньня.
Бо ўражвае нават такая дробязь, як свабода і натуральнасьць, зь якой Борыс, Пачобут ці Банцар пераходзяць з польскай на беларускую і наадварот. Уражвае, як добра ведаюць і як ахвотна карыстаюцца беларускай мовай прадстаўнікі нацыянальнай меншасьці. Сумневу няма – яна для іх таксама РОДНАЯ. Большасьць прадстаўнікоў тытульнай нацыі можа ім толькі пазайздросьціць.
Ці варта тады зьдзіўляцца, што рэжыму Лукашэнкі ТАКІЯ палякі непатрэбныя? Канечне, не. Яму больш даспадобы ідэалы і мэтады іншага “беларускага паляка”, да адраджэньня культу якога, дарэчы, прэзыдэнт апошнім часам выдатна спрычыніўся .
Помнік гэтаму “паляку” стаіць у цэнтры Менску, насупраць галоўнага ўваходу ў фірму, у вытокаў якой той “паляк” і стаяў. Гэтая фірма – КДБ, яе супрацоўнікі з гонарам і сёння называюць сябе “чэкістамі”. „Польскі” кумір Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі – Фэлікс Эдмундавіч Дзяржынскі. Чалавек, якога нават суайчыньнікі называюць не іначай, чым забойцам і псыхапатам ...