Камінэру ёсьць што пісаць пра Беларусь

Уладзімер Камінэр, <br />фота — Jürg Vollmer

У нямецкім Ляйпцыгу пачалася адна з самых прадстаўнічых у Эўропе кніжных выстаў-кірмашоў — “Leipziger Buchmesse”. У рамках праграмы кірмаша адбудзецца каля дзьвюх тысяч мерапрыемстваў, у тым ліку сустрэчы з самымі папулярнымі нямецкамоўнымі аўтарамі. Сярод іх колішні масквіч Уладзімер Камінэр, які шмат піша пра былыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і пра Беларусь. Сёньня гэты 42-гадовы літаратар уваходзіць у дзясятку найбольш папулярных нямецкіх аўтараў. Ягоныя кнігі выдаюцца мільённымі тыражамі і перакладаюцца на розныя мовы. Ня меншую папулярнасьць маюць літаратурныя чытаньні Камінэра, зь якімі ён выступае ў самых розных чытацкіх аўдыторыях Нямеччыны.

Фотаздымкі Ўладзімера Камінэра (многія лічаць, што ён падобны на актора Джорджа Клуні) пэрыядычна зьяўляюцца то ў дамскіх часопісах, то ў жоўтых выданьнях. Ягоны голас зь цяжкім расейскім акцэнтам вабіць слухачоў. У сваіх аповедах ён гаворыць тое, што нязвыкла чуць ад эмігрантаў.

Вось апошняя з гісторый, прысьвечаная маладому немцу, які закахаўся ў беларускую дзяўчыну і вырашыў узяць зь ёй шлюб:

“Адзін мой нямецкі сябар цэлы год спрабаваў ажаніцца зь беларускай дзяўчынай. Нямецкая амбасада ў Беларусі паабяцала яму дапамагчы. Сябар, вядома, быў рады гэтаму дыпляматычнаму жэсту, бо яму вельмі хацелася аформіць шлюб.

Тады амбасада выставіла хлопцу некалькі ўмоваў. Ён мусіў прадставіць розныя доказы свайго каханьня. Напрыклад, відэаздымкі…
Тады амбасада выставіла хлопцу некалькі ўмоваў. Ён мусіў прадставіць розныя доказы свайго каханьня. Напрыклад, відэаздымкі, якія б адлюстроўвалі яго пяшчотныя стасункі з каханкай; тэлефонныя рахункі, якія б адлюстроўвалі колькасьць ягоных тэлефонных размоваў за апошнія паўгода, тлумачэньні абодвух бакоў пра іх гісторыю каханьня і шмат яшчэ чаго. Мой сябар усё гэта падрыхтаваў, даслаў у Менск, аднак ад гэтага ягоная матрыманіяльная справа ніяк не прасунулася.

Нямецкай амбасадзе яўна не хапала доказаў. Яна самастойна, экспэрымэнтальным шляхам вырашыла пераканацца, ці здатнае гэтае нямецка-беларускае каханьне вытрымаць выпрабаваньне часам. Таму й не сьпяшалася паскорыць ход справы. Так праляцеў амаль год. Пачуцьці нямецкага хлопца і беларускай дзяўчыны, аднак, ня сталі меншымі. Сябар заяўляў, што па-ранейшаму хоча ажаніцца. А нямецкая амбасада па-ранейшаму патрабавала новых доказаў. Хтосьці слушна палічыў, што леташнія відэа- ды тэлефонныя рахункі маглі састарэць. Тады сябар прадставіў у амбасаду чарговыя доказы нямецка-беларускага каханьня. Але яны былі адхіленыя. Нямецкая амбасада таксама не дурная. Там усё ж раскусілі каханых. Прадстаўленыя імі любоўныя лісты былі надрукаваныя на кампутары. Насамрэч жа такія лісты пішуць ад рукі.

…Калі я пачуў гэтую гісторыю, я падумаў — як гэта добра, калі ёсьць такія амбасады. Гэта нашмат лепш за самую лепшую цешчу. Хто яшчэ, як не нямецкая амбасада, можа зразумець любоўныя стасункі немцаў за мяжой і паклапаціцца пра іх?“

Лукашэнка цудоўна дапаўняе сьветлае і прыгожае дэмакратычнае адзеньне Захаду гэткім чорным банцікам.
У размове са “Свабодай” Камінэр прызнаецца, што падчас чытаньняў ён чуе шмат пытаньняў пра Беларусь. Ён няблага ведае гэтую краіну, бо большасьць ягоных сяброў у Бэрліне — гэта беларусы. Дарэчы, у яго такое адчуваньне, што зь Беларусі паходзяць самыя прыгожыя дзяўчаты і самыя мэтанакіраваныя хлопцы. Камінэр кажа, што любіць пісаць на беларускую тэму.

Камінэр: “Гэтых гісторыяў — мільён. Я напісаў пра Беларусь нават вельмі сур’ёзныя працы ў сур’ёзных выданьнях. Напрыклад, вялікую працу ў часопісе «Konkret», дзе проста расказаў пра палітычную сытуацыю, пра мінулае і пра рэчаіснасьць, пра тое, што ў Беларусі адбываецца і дзе яна знаходзіцца. Справа ў тым, што Лукашэнка — гэта ідэальны дыктатар для Захаду. Ён зусім не такі крывавы монстар, ён не зьбіраецца йрваць стасункі з Захадам. Іншымі словамі, ён цудоўна дапаўняе сьветлае і прыгожае дэмакратычнае адзеньне Захаду гэткім чорным банцікам. Усё гэта замінае натуральнаму разьвіцьцю. У тым ліку ў Беларусі”.