Адзін дзень блогера. Альтэрнатыўная гісторыя

bacian

“Get up, stand up, Open your eyes, Take me to the limit, Never let me go” — гучыць, нібы рэха, вядомая кампазыцыя Stellar Project. Спачатку яна рэжа слых, потым сунімаецца і зьнікае. Наступае суцэльная цішыня. Здаецца, праходзіць вечнасьць, і тады раптам прамень сонца падае на твар, перапыняючы сон. Праспаў! Нават гучная мэлёдыя будзільніка на тэлефоне, якая даўно ўжо стала моцным раздражняльнікам, ня здолела падняць хлопца, які напярэдадні наведаў канцэрт Depeche Mode на супэрсучасным саракатысячным Усебеларускім стадыёне, а потым дапазна бавіў час у Hard Rock Cafe ў гатэлі “Парыж”на Захараўскай.

Кароткая біяграфія

Мяне завуць Міхал, нарадзіўся і вырас у Менску, зараз вывучаю эканоміку ў БДУ. Сярод асноўных цікавасьцяў — гісторыя, фатаграфія, мастацтва, падарожжы, музыка і кіно.
ЖЖ завёў у 2005 годзе, але актыўным карыстальнікам стаў трохі больш за год таму. Асноўная тэма блогу — Менск, акрамя таго, часьцяком выкладаю свае ўласныя здымкі.

15 хвілін — і ён ужо ў машыне, зварочвае з Камароўскага кальца на Шырокую. Ад Новай Камароўкі да ўнівэрсытэцкага гарадка шлях не такі ўжо вялікі — крыху больш за 5 кілямэтраў, але раніцай то тут, то там узьнікаюць заторы, таму трэба трапна абраць маршрут, каб не спазьніцца на важны тэст і ня мець праблемаў з залікам у будучыні. Хлопец вырашае ехаць наўпрост па Шырокай, каб потым праз Купалаўскую патрапіць на Магазынную. Тыпавая забудова 1970-х хутка зьмяняецца пасьляваенным ар-дэко, на тле якога дзіўнаватым чынам выглядае яшчэ царскіх часоў шпіталь.

Цяжка паверыць, што яшчэ да вайны гэты раён быў толькі “другой лініяй” Менску. Пакінуўшы ззаду карабель Лангбардавай Опэры на Траецкай плошчы, машына зварочвае на Купалаўскую вуліцу, названую ў гонар песьняра пасьля яго сьмерці ў 1952 годзе. Ля ракі стаіць старанна захаваны драўляны дом, дзе ў свой час жыў паэт. За скрыжаваньнем з Захараўскай дамы зьлева расступаюцца, адкрываючы цудоўны від на стары Гарадзкі сад.

Усебеларускі стадыён, 1935 г. (Зараз на гэтым месцы стадыён каля Палаца воднага спорту)


Паварот на Магазынную выклікае падвойныя пачуцьці: з аднаго боку, канечне, брук выдатна ўпрыгожвае вуліцу, але з другога — ператварае праезд у сапраўднае выпрабаваньне. Прамінуўшы Нацыянальную Бібліятэку і гмах прэзыдэнцкага палаца, хлопец трапляе ў тую частку вуліцы, якая цалкам адпавядае яе назову. Першыя паверхі дарэвалюцыйных і даваенных дамоў уяўляюць сабой суцэльную вітрыну — Lacoste тут ідзе за D&G, Prada — за Cavalli — і гэтак далей, ажно да гатэлю Hilton, які месьціцца ў будынку былой савецкай “Беларусі”, насупраць якой утульны крыты 15-тысячнік “Дынама” стаіць у чаканьні чарговага матча Кубка УЕФА. З пагорку, на якім стаіць стадыён, адкрываецца цудоўны від на хмарачосы ў Ляхаўцы і іпадром. Ранкам на Магазыннай амаль пустынна, але ўвечары вуліца становіцца пешаходнай, прыцягваючы, нібы магнітам, сотні менчукоў і замежнікаў.

Гатэль “Парыж”, пачатак 20 ст. (Зараз тут уваход на станцыю мэтро “Кастрычніцкая”)


Абы-як кінуўшы машыну на Міхайлаўскім завулку, хлопец таропка зварочвае на Пецярбурскую вуліцу (якая дзіўным чынам пасьпела пабываць і Петраградзкай, і Ленінградзкай), каб увайсьці ў канструктывісцкі корпус (пабудаваны ў пачатку 1930-х адным зь яго ўлюблёных архітэктараў — Георгіем Лаўровым) Беларускага Ўнівэрсытэту і паўбегам падняцца на трэці паверх. Пасьпеў...

Вуліца Магазынная, пачатак 20 ст. (Зараз Кірава)


Тэст напісаны, і цяпер пажылы выкладчык, як звычайна нудна, чытае лекцыю па гісторыі міжнародных адносінаў. Пра тое, што ён зараз расказвае, хлопец чытаў не аднойчы. Сапраўды, як можна не цікавіцца 1940-мі гадамі, калі гэты пэрыяд стаў лёсавызначальным ня толькі для яго краіны, але і для ўсёй Эўропы. У 1941 годзе Сталін нечакана нападае на Трэці рэйх і гоніць немцаў да самага Парыжу. Праз тры гады ён прадпрымае спробу высадзіцца ў Брытаніі, але ангельцы разам з амэрыканцамі адбіваюць атаку і высаджваюцца ў Нармандыі. Ва ўсёй Эўропе ад Францыі да Заходняй Беларусі выбухае антыбальшавісцкае паўстаньне. Фронт імкліва рушыць на ўсход, а ў жніўні 1945-га амэрыканскія атамныя бомбы падаюць на Тулу і Варонеж, што прымушае Сталіна пагадзіцца на мір і мяжу ўсходней за Магілёў і Кіеў. З тых часоў Беларусь мае незалежнасьць, а адзін з цэнтральных праспэктаў носіць імя Рузвэльта.

Гасьцініца “Беларусь”, 1940 г. (Зараз гатэль Crowne Plaza)


1.Навошта я пішу блог

Вядзеньне блога — зручны спосаб выкласьці свае ідэі, знайсьці аднадумцаў і цікавых суразмоўцаў. Да таго ж ЖЖ дае магчымасьць атрымліваць эксклюзіўную інфармацыю і знаёміцца з думкамі разумных людзей.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах?

Апэратыўнасьць, дэмакратычнасьць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах?

Ваяўнічую недалёкасьць і радыкалізм асобных юзэраў.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

Адам Глобус — на маю думку, вельмі канцэптуальны і стылёвы блог.

darriuss — аўтар у вельмі адметнай манеры піша пра сучасны Менск і свае падарожжы па Беларусі і бліжнім замежжы.

czalex — маскоўскі беларус, піша пра палітыку ў Беларусі і Расеі, дый проста пра жыцьцё.

vadim-i-z — выкладчык, калекцыянэр “очепяток” і знаўца Менску.

andorac — не магу сказаць канкрэтна, пра што блог, але прыкольны.
Слухаць нуднага выкладчыка зусім нецікава, таму ад няма чаго рабіць хлопец вырашае праверыць пошту. Праз сваю “Нокію” заходзіць на Gmail. Колькі лістоў ад знаёмых, адказы на камэнтары ў ЖЖ... І асабістае паведамленьне там жа. Хлопец адкрывае і чытае: “Паважаны bacian! Хочам запрасіць Вас узяць удзел у другім Дні блогера на сайце Радыё Свабода!..”

“Што ж напісаць, калі я вяду ФОТАблог пра стары Менск? — думае хлопец. — Хіба што выдумаць маленькую альтэрнатыўную гісторыю?”

Вывучаючы гісторыю Менску, нявольна пачынаеш задумвацца, а што было б, калі…

Такіх “калі” ў гісторыі Менску былі дзясяткі. Толькі ў мінулым стагодзьдзі — дзьве рэвалюцыі, тры акупацыі і процьма рэжымаў.

Галоўнай “крытычнай” кропкай, пасьля якой гісторыя магла скласьціся абсалютна па-іншаму, лічу бамбардзіроўкі немцамі Менску 24—26 чэрвеня 1941 году. Менавіта тады стары Менск сышоў у нябыт.

Канечне, працэс зьнішчэньня прадоўжыўся за Саветамі, але менавіта ў чэрвені 1941 году адбылося тое, што ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі завецца “разгалінаваньнем”, калі падзеі пачынаюць разьвівацца ня так, як маглі б.

Той Менск, вядома, ня вернеш, але неверагодна цікава паглыбіцца ў сівую мінуўшчыну, а калі фантазія багатая, то і паспрабаваць спраецыраваць мінуўшчыну на сёньняшні дзень.



Унівэрсытэцкі гарадок, 1933 г.