Гарадзенскі гісторык Барыс Клейн з 1992 году жыве ў Злучаных Штатах, ён напісаў кнігу мэмуараў «Недосказанное. Имена». Яна выйшла ў Менску на расейскай мове, выйшла дзякуючы Аляксандру Фядуту, які паходзіць з Горадні. Барыс Клейн сябраваў з Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком, у сваёй кнізе ён, у прыватнасьці, успамінае пра тыя часы. Уступнае слова напісалі супрацоўнікі Гарадзенскага унівэрсытэту Альбіна і Генадзь Семянчук, якія былі вучнямі Барыса Клейна. Сёньня ўвечары яго кніга была прэзэнтавана ў гарадзенскім Таварыстве беларускай школы. Пра яе расказвае Генадзь Семеянчук.
Семянчук: Кніжка складаецца з дзьвюх частак, першая — «Недасказанае» — вакол той сытуацыі, што склалася ў канцы 1960-х, пачатку 1970-х гадоў і зьвязаная з жыцьцём тут Быкава, Карпюка. Малады Клейн быў трэці пры іх, быў іхнім аднадумцам. Клейн піша пра спробу выжыць у той сытуацыі, паказвае мэханізм сыстэмы. Ягоныя ўспаміны — цудоўная крыніца ведаў пра клімат, які быў у Горадні ў тыя часы.
Карэспандэнт: «Сорак гадоў мінула. Раней такім людзям было вельмі цяжка, як Быкаў, Карпюк, Клейн. Сёньня лягчэй стала, ці шмат у чым гісторыя паўтараецца?»
Семянчук: «Тады было цяжэй, апарат ціску і сыстэма працавала значна мацней і больш наладжана. Па-другое, адукацыйны ўзровень людзей быў ніжэйшы, і вера і страх, насаджаныя сталінізмам, былі ў іх на генэтычным узроўні. Сёньня зьявілася больш элемэнтаў салідарнасьці. Сёньня цяжка сабе ўявіць такую адзіноту ці ізаляцыю, якую перажыў той жа Карпюк. Яго абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з фашыстамі, гэта найвышэйшая ступень цынізму. Аднак атмасфэра, паводзіны людзей шмат у чым яшчэ паўтараюцца. Напрыклад, на прэзэнтацыю кнігі Клейна ва унівэрсытэце, якая адбылася сёньня трошку раней, не прыйшоў аніводзін выкладчык гістарычнага факультэту. Альбо ім няма чаго сказаць пра Клейна або яны ня хочуць гаварыць».