Крызіс: забудоўнікі ня здатныя выкупіць кватэры

У Бабруйску домабудаўнічы завод ня можа прадаць новых кватэр. У Баранавічах 22 сям’і пакінулі жыльлёва-будаўнічы каапэратыў. У Горадні ў крызіс трапіла прыватная будаўнічая фірма.

БАБРУЙСК

У Менску чыноўнікі заяўляюць, што эканамічны крызіс дапаможа зьменшыць кошты на жытло. У Бабруйску ж будаўнічыя арганізацыі прызнаюць, што на новае жытло попыт зьмяншаецца.

На Бабруйскім домабудаўнічым камбінаце кажуць пра наступныя праблемы сёньняшняга дня:

“Крызіс тычыцца неплацяжоў з боку прыватных інвэстараў, якія прыцягваюць замежныя сродкі на свае праекты. Звычайна гэтая праблема вылазіць на самым апошнім этапе — калі адбываецца здача дому. Частка жыльцоў уласныя сродкі ў час ня можа ўнесьці. Па дзьвесьце пяцьдзясят мільёнаў не аплачана на адным з дамоў”, — паведаміў прадстаўнік домабудаўнічага камбінату.


“У нас сем кватэраў засталося — і ня можам іх прадаць”

Тым часам у чарзе на атрыманьне жытла ў Бабруйску стаіць больш за трынаццаць тысяч чалавек. Высьветліць, наколькі зьменшыцца чарга, калі ўзьвядуць заплянаваныя сто сорак тысяч квадратных мэтраў, не ўдалося.

Ці дарагое новае жытло ў Бабруйску? На заводзе буйнапанэльнага домабудаваньня прызнаюць: дарагое. Адзін квадратны мэтар прадаецца больш як за адзін мільён дзевяцьсот тысяч:

цэны на жытло павінны зьменшыцца, бо ад сакавіка будаўнічыя матэрыялы стануць таньнейшымі ...
“У нас вось сем кватэраў засталося — і ня можам іх прадаць. Ужо, напэўна, паўгода. Людзі неахвотна хочуць браць іх за такія грошы”, — паведаміла супрацоўніца заводу.

У Магілёўскім аблвыканкаме абяцаюць, што сёлета цэны на жытло ў вобласьці павінны зьменшыцца, бо ад сакавіка будаўнічыя матэрыялы стануць таньнейшымі:

“Плянуецца зьмяншэньне коштаў на цэмэнт — пакуль на дзесяць працэнтаў. На шчэбень плянуецца пакуль зьмяншэньне. А таксама ў сярэднім жалезабэтону — на шэсьць працэнтаў”, — паведаміў супрацоўнік аблвыканкаму.

БАРАНАВІЧЫ


На сёньня ў Баранавічах ужо больш як 20 сям’яў маладых настаўнікаў і лекараў адмовіліся будаваць жыльлё праз ільготны каапэратыў. Яшчэ 80 сем’яў абвінавачваюць мясцовых чыноўнікаў у дыскрымінацыі грамадзянскіх правоў і наўмысным завышэньні каштарысу будаўніцтва.

Я прысутнічаў на апошнім сходзе баранавіцкіх забудоўшчыкаў. Амаль сто чалавек сабраліся ў фае Баранавіцкага райвыканкаму. Людзі мітынгавалі супраць будоўлі дома ва ўрочышчы “Балота”, што ў ваколіцах гораду. Я запісаў некаторыя скаргі.

Кватэры міліцыянтам будуюць у цэнтры, лекарам — на балоце

“Міліцыя будуе ў ваенным гарадку, а лекары — на балоце!” — заяўляе адна з удзельніц каапэратыву.

Яе падтрымлівае суседка:

“Мы праект ня бачылі. Нам не расказвалі, які гэта праект”.


Абранае для будоўлі месца небясьпечнае паводле экалёгіі — нагадвае старшыня каапэратыву Людміла Сідар:

“Там жудасныя ўмовы пакінулі яшчэ камуністы. Там поўнае сховішча мэталічнай стружкі з заводу. Калі ўлады плянавалі будаваць у гэтым месцы дом, то напачатку трэба было хаця б вывезьці стружку”.

Гэта толькі малая частка выказаных праблем і прэтэнзій. Аднак начальніка жыльлёвага аддзелу райвыканкаму Андрэя Сямашку скаргі не бянтэжылі:

“Калі быў сход, я сказаў, што арыенціровачна пад будаўніцтва вашага дома плянавалі іншае месца — на вуліцы Машэрава. Але чамусьці месца забудовы на Машэрава ва ўправу архітэктуры не дайшло. Далі іншае месца забудовы, і было прынята рашэньне менавіта там фармаваць ЖБК. Таму пытаньне не абмяркоўваецца. Месца забудовы зьменена ня будзе”.

Забудоўшчыкам цяпер даводзіцца вырашаць: або сысьці з каапэратыву, як зрабілі раней 22 сям’і, або далей змагацца за справядлівасьць.

Берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін тлумачыць, чаму лекарам нельга атрымаць тое, што ўлада прапануе міліцыянтам:

“У дадзеным выпадку хто бароніць дзяржаву ад народу, той і карыстаецца ўсім лепшым. А таму ж народу застаецца менавіта балота. Такім чынам, справа глыбейшая і важнейшая: яны мусяць бараніць правы — свае і сваіх дзяцей”.

ГОРАДНЯ


У Горадні сярэднія і малыя прыватныя будаўнічыя фірмы таксама сутыкнуліся з праявамі эканамічнага крызісу.

У прыватнай гарадзенскай будаўнічай фірме “Будоўля” працуе каля 200 чалавек. Пераважна яны будуюць пад ключ сярэднія аб’екты, як для прыватных, так і дзяржаўных заказчыкаў.

Прыватным будаўнікам ужо цяжэй, чым дзяржаўным

Дырэктар фірмы Павал Бузук кажа, што з праявамі эканамічнага крызісу давялося сутыкнуцца адразу пасьля Новага году.

“Праблемы ў тым, што заказаў новых пакуль няма, а на старыя заказы нестае фінансаў, каб іх скончыць. Праўда, зімой заўсёды было няясна з гэтым, таму спадзяёмся, што, можа, нешта зрушыцца. Хаця моцна нам ніхто не абяцае, што мы будзем бурна працаваць”.

Дырэктар таксама дадае, што заробак будаўніка адчувальна зьнізіўся.
заробак зьменшыўся, і намнога... на 20—30%, а можа, нават і на ўсе 50%” ...

“Вядома, заробак зьменшыўся, і намнога. Крызіс у нас наступіў з новага году, і яшчэ не магу так дакладна прааналізаваць гэта. Але ўпэўнены, што будзе й на 20—30%, а можа, нават і на ўсе 50%”.

Кіраўнік невялікай будаўнічай фірмы “Кротбуд” Валеры Дваранчык таксама кажа, што пэрспэктывы цьмяныя:

“Ну вось у нас нядаўна быў заказчык прыватны, плянаваў будаваць, але адмовіўся. Грошай няма, крэдытаў не даюць. Хаця мы ўжо падпісалі зь ім дамову”.