Угнаеньні і алькаголь даюць Беларусі найбольшыя прыбыткі

Міністэрства па падатках і зборах абнародавала інфармацыю пра буйнейшых падаткаплатнікаў – юрыдычных асобаў. Летась амаль траціна падаткаў паступіла ў дзяржбюджэт ад 20 вядучых прадпрыемстваў краіны. Малы бізнэс прынёс толькі 16% ў скарбонку дзяржавы.
На думку эканаміста, выкладчыка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандра Кавалёва, такая сытуацыя выклікае трывогу:

“Калі 20 прадпрыемстваў даюць 30% бюджэтных паступленьняў, тады паўстае пытаньне: а што робяць астатнія 110 тысяч юрыдычных асобаў? Міністэрства па падатках і зборах падлічыла, што 180 прадпрыемстваў даюць 41% даходаў бюджэту. Гэта проста нейкі неверагодны, на мой погляд, перакос”.

Па выніках мінулага году самым буйным падаткаплатнікам стала вытворчае аб’яднаньне “Беларуськалій”. Далей ідуць два нафтаперапрацоўчыя заводы – Наваполацкі “Нафтан” і Мазырскі НПЗ. На чацьвёртым месцы “Белтрансгаз”, за ім замежнае прадпрыемства “Лукойл-Беларусь”. Эканаміст Аляксандар Кавалёў, што да прадпрыемстваў-лідэраў, выказаў такое меркаваньне:

“Першае – гэта аднабаковасьць нашага бюджэту, які нашмат завязаны на экспарт калійных угнаеньняў і на экспарт нафтапрадуктаў. Гэта проста перакос, якога не павінна быць. Бо як толькі адбудзецца падзеньня на гэтых рынках, адразу гэта адаб’ецца на беларускім бюджэце”.

Цікава, што сёмае месца па паступленьнях у дзяржбюджэт займае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Менск-Крышталь”, на 15-м гарадзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”, за ёй -- Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод, “Табак-інвэст”. Эканаміст Аляксандар Кавалёў працягвае:

“Нафтан” і Мазырскі НПЗ даюць вялікую колькасьць бюджэтных грошай, але давайце разумець, што гэта не падатак на прыбытак. Гэта акцызы на нафтапрадукты, якія канчатковым лікам аплачваюць спажыўцы бэнзіну, ў тым ліку і ў краіне. Гэтаксама як тытунь, як і алькаголь. Спачатку прадпрыемства паслала грошы ў бюджэт, але потым акцызы ўключаны ў цану, і спажывец, пакупнік гэтага тавару ўсё гэта аплаціў”.

Нягледзячы на крызыс, добрыя прыбытковыя пазыцыі ўтрымлівае сфэра тэлефаніі. Прычым, апэратары мабільнай сувязі “Вэлком” і МТС плацяць падатак на прыбытак, таму гэта даволі цікавыя сфэры для інвэстараў. А вось такія гіганты айчыннай прамысловасьці як Менскі трактарны завод, МАЗ, БелАЗ у дваццатку так званых бюджэтаўтваральных прадпрыемстваў не ўваходзяць.

Доля падаткаў у бюджэт суб’ектаў малога прадпрымальніцтва (у тым ліку прыватных унітарных прадпрыемстваў, індывідуальных прадпрымальнікаў) склала 16,2%. Эканаміст Павал Данейка дае такую ацэнку:

“Гэта няшмат, канечне, з пункту гледжаньня бюджэту. У нас доля гэтага бізнэсу ў структуры ВУП дзесьці парадку 25%, таму, адпаведна, і ўнёсак меншы. Думаю, ва Ўкраіне, да прыкладу, ня так, а больш, бо там прыватны бізнэс больш разьвіты. А структура першых платнікаў будзе прыкладна такая самая”.

Усяго ў 2008 годзе ў фармаваньні падатковай часткі бюджэту ўзялі ўдзел больш за 3 мільёны 276 тысяч платнікаў падаткаў і збораў, у тым ліку больш за 131 тысяча арганізацый, каля 3 мільёнаў фізычных асобаў. Паступленьне падаткаў у 2008 годзе вырасла на 8,5%, і складае 68% кансалідаванага бюджэту.