Чэмпіёнка сьвету па боксе хоча адшукаць у Беларусі маці

28-гадовая чэмпіёнка сьвету па боксе сярод прафэсіяналаў, а апошнія дзесяць гадоў жыхарка нямецкага Штутгарту, Алеся Клімовіч–Граф заявіла журналістам, што большую частку яе жыцьця марыць знайсьці сваю маці, якую ні разу ня бачыла. Дзеля гэтага спартоўка зьбіраецца сёлета прыехаць у Беларусь.
“Я ня маю аніякага зла на гэтую жанчыну, напэўна ў яе былі нейкія сур’ёзныя прычыны для таго, каб адмовіцца ад мяне пры нараджэньні. Мне вельмі хочацца проста паразмаўляць зь ёй”, – сказала гэтымі днямі Алеся ў размове зь нямецкім выданьнем “Bild”.

За яе баі заўзятары называюць Алесю “тыгрыцай”, нягледзячы на тое, што яна мае вагу “супэрмухі”. Яна важыць 53 кіляграмы пры росьце 160 сантымэтраў. Мае імідж маладой стылёвай і прывабнай жанчыны. Яе фота нярэдка друкуюць папулярныя спартовыя ды глянцавыя часопісы.
Алеся Граф

Алеся нарадзілася ў лістападзе 1980 году. Расла і выхоўвалася ў гомельскім дзіцячым доме. Зь дзяцінства захаплялася спортам, галоўным чынам лёгкай атлетыкай. Пасьля школы паступіла ў Гомельскі ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць фізычнае выхаваньне.

У 1999 годзе яна вырашае зьмяніць сваё жыцьцё і паехаць вучыцца ў Нямеччыну. У размове зь нямецкімі журналістамі Алеся Граф, якая цяпер бездакорна гаворыць па-нямецку, тлумачыць:

“Скажу вам так: у маім дзяцінстве мне ўвесь час прыходзілася думаць пра тое, як заставацца моцнай. Я вельмі рана зразумела, што да посьпеху могуць прывесьці тры такія моманты як дысцыпліна, мэтанакіраванасьць ды настойлівасьць. Мае спартовыя амбіцыі прывялі мяне да радыкальных дзеяньняў. Пасьля году вучобы ў Гомелі я зразумела, што дзеля дасягненьня нейкіх мэтаў я мушу пакінуць Беларусь”.

Так Алеся апынулася ў нямецкім Фрайбургу. Неяк гартаючы мясцовую прэсу – Алеся шукала аб’явы пра працоўныя вакансіі – яна ўбачыла аб’яву аб наборы дзяўчат у сэкцыю боксу. Зь першых трэніровак зразумела, што гэта – яе. У хуткім часе пераехала ў Штутгарт і пачала займацца пад кіраўніцтвам вядомага нямецкага трэнэра Торстэна Шмітца.
Я хачу паставіць рысу пад сваім мінулым, якога я раней вельмі саромелася. Я хачу сказаць маёй маці: «Вы можаце ганарыцца сваёй дачкой»

У 2006 годзе стала чэмпіёнкай сьвету паводле Global Boxing Union (GBU). Вось ужо болей як два гады ўтрымлівае гэты тытул. Апошні раз пацьвердзіла яго пару дзён таму – 7 сакавіка.

Пасьля таго, як у 2002 годзе Алеся Клімовіч пабралася шлюбам зь нямецкім грамадзянінам, яна зьмяніла беларускае прозьвішча на нямецкае Граф. Пра асобу яе мужа журналісты амаль нічога ня пішуць. Алеся такім чынам аберагае сваё прыватнае жыцьцё. Пры канцы мінулага году Алеся Граф прыняла грамадзянства Нямеччыны. Увесь гэты час Алеся штогод наведвала Беларусь. Сёлета яна ўпершыню заявіла журналістам пра сапраўдную прычыну гэтых паездак:

«Летась я наведала свой дзіцячы дом у Гомелі. Мне ўдалося знайсьці некаторыя дакумэнты пра маю маці. Выглядае, што яна жыве ў Менску. Я вельмі спадзяюся, што знайду яе. Я ўпэўненая, што адмовіцца ад мяне яе прымусілі вельмі сур'ёзныя абставіны. Бо ніхто ніколі не адмовіцца ад уласнага дзіцяці проста так. Мне вельмі хацелася б ведаць, што насамрэч адбылося. Я хачу паставіць рысу пад сваім мінулым, якога я раней вельмі саромелася. Я хачу сказаць маёй маці: «Вы можаце ганарыцца сваёй дачкой»

Паводле нямецкіх выданьняў, сустрэча Алесі Граф зь яе маці можа адбыцца ўжо летам.

Аднак, як паведаміла сёньня ў размове са Свабодай агент баксэркі Нэвэнка Дытрых, паездка ў Беларусь абявязкова адбудзецца, але тэрміны яшчэ недакладныя.

«Дакладны час гэтай паездкі пакуль невядомы. Вядома, што Алеся абавязкова ажыцьцявіць і гэтую яе мару. Выданьне Bild напісала пра лета, аднак многае залежыць ад спартовага графіку Алесі. Зразумела, яна хоча зрабіць гэта як найхутчэй, аднак пакуль яна яшчэ ня ведае, што ў яе будзе летам».