Сярод тых, хто прыйшоў сёньня на пахаваньне салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай, былі людзі, якім яна дапамагала як юрыст.
У Мікалая Лебедзя згвалтавалі і забілі 16-гадовую дачку. Паводле ягоных словаў, Яна Палякова выкрыла шмат фактаў і фальсыфікацыяў у гэтай справе.
“Я успрыняў сьмерць Яны Паляковай з жалем і абурэньнем. Мне зразумела, хто за гэтым стаіць”.
Яна Палякова чатыры гады таму бясплатна дапамагла Лідзіі Бурляковай адсудзіць кватэру ў Салігорску, пісала заявы, зьбірала патрэбную інфармацыю. Яна была вельмі спагадлівым і прыстойным чалавекам, кажа Лідзія Бурлякова.
“Я ў шоку ад таго, што адбылося. Я двое сутак ужо ня сплю. Калі прыйшла да мяне яе мама і сказала, то я не паверыла. Чаму гэта адбылося? Бо няправільная абстаноўка ў горадзе, можа быць, артыкул у “Советской Белоруссии”, які выйшаў у пятніцу, паўзьдзейнічаў на яе”.
Марыя Бут-Гусаім зьвярталася па дапамогу да Яны Паляковай, каб давесьці, што яе мужа непраўдзіва засудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
“Яна вельмі добры спэцыяліст і добразычлівы чалавек. Вельмі цяжка ўспрымаць тое, што зь ёю адбылося, што вельмі малады і вельмі добры чалавек пайшоў з жыцьця... Хутчэй за ўсё ёй “дапамаглі” ў гэтым. Ёй напэўна ўжо так дасталося, што яна болей не магла, і яе падштурхнулі да гэтага”.