Праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што за заўчасную сьмерць Яны Паляковай адказныя і ўлады, і грамадзтва.
“Тое, што адбылося – гэта проста жахліва. Гэта нагадала мне нейкія савецкія часы, калі дзяржаўная сыстэма ўсёй сваёй моцай цісьне нейкага аднаго слабога маленькага чалавека. Тое самае і тут адбылося, усё абрынулася на Яну разам, і суд, і дзяржаўныя СМІ ў выглядзе “Советской Белоруссии”. Чалавек апынуўся абсалютна безабаронным. І нават хутчэй слова тут забівае больш, чым нешта іншае”.
Спадар Стэфановіч як юрыст зазанчае, што фактаў калі б міліцыянтаў прыцягвалі да адказнасьці за перавышэньне службовых паўнамоцтваў па справах з грамадзка-палітычным кантэкстам, фактычна няма. Сытуацыя выкладзеная ў скарзе Яны Паляковай на салігорскага міліцыянта, зьяўляецца вельмі верагоднай, паколькі ціск на сябраў ініцыятыўных груп незалежных кандыдатаў у дэпутаты сапраўды чыніўся,-- мяркуе спадар Стэфановіч.
"Зь іншага боку ёсьць і віна нашага незалежнага грамадзтва. На жаль, гэтай справе не было надзелена належнай увагі. Я асабіста пра гэты суд даведаўся, калі ён ужо прайшоў. Хаця можна было б ёй дапамагчы. Але цяпер ужо позна. Гэта вельмі паказальны выпадак, пра які трэба ўсім задумацца ў нашым грамадзтве. Мы шмат гадоў назіраем такія зьнішчэньні людзей, не фізычныя, а маральныя. Але гэтыя маральныя зьнішчэньні часам прыводзяць да такіх сумных выпадкаў. Тут можна згадаць і апошнія публікацыі па хлопцах, якіх у войска пазабіралі, у той жа “Советской Белоруссии» і сюжэты па дзяржаўным тэлебачаньні, усе гэтыя кпіны ў матэрыяльчыках, якія яны кляпаюць, не ўдаваючыся ў сутнасьць праблемы. Не ўсе ж гэта вытрымліваюць. Чалавеку шмат не трэба. Гэта цкаваньне людзей у савецкіх традыцыях. Яны дзейнічаюць у духу халоднай грамадзянскай вайны”.