Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Дзяніс Васкабовіч. Яму 36 гадоў, нарадзіўся і вырас у Менску. Архітэктар. Закончыў Беларускую політэхнічную акадэмію, мае двух сыноў. Жывуць яны ў прыватным сэктары, які патрапіў пад бульдозэрнае руйнаваньне ў сувязі з будаўніцтвам мэтро. Сям’і Дзяніса, ягоныя суседзям былі прапанаваныя ўладамі ўмовы перасяленьня, якія значна пагаршаюць умовы іхняга пражываньня. Напрыклад, жылплошча зьмяншаецца ўдвая, кватэры на гарадзкім ускрайку Цягам тыдня спадар Васкабовіч раскажа пра тое, як ён разам з сотнямі іншых менчукоў спрабуе адстаяць свае законныя правы. Сёньня – пачатак гэтай размовы.
– Нашай сям’і належыць асобна стаячы жылы дом каля праспэкту Дзяржынскага. Будынак двухпавярховы, капітальны, цагляны, з усімі камунікацыямі. Разьмешчаны на зямельным участку, які прадастаўлены ў пажыцьцёвае валоданьне.
У 2005 годзе нам паведамілі, што гэты куток трапляе ў зону будаўніцтва лініі мэтраплітэну і дом плянуецца да зносу. Мы, зразумела, дэталёва прааналізавалі адпаведныя норма беларускага заканадаўства, якія тычацца парадку зносу індывідуальных жылых будынкаў пад дзяржаўныя патрэбы, адносінаў паміж уласьнікамі, забудоўшчыкамі і дзяржаўнымі органамі. Пасьля таго, як усё да драбніцаў вывучылі, зрабілі са свайго боку ўсё, як таго патрабавала права. А менавіта:
- сваечасова папярэдзілі забудоўшчыка й іншыя зацікаўленыя структуры пра тыя варыянты кампэнсацыі, якія нас задавальняюць,
- прапанавалі варыяныты куплі новага дому .
Аднак камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Дырэкцыя па будаўніцтву Менскага мэтрапалітэну”, адміністрацыі Маскоўскага рай- і гарвыканкаму занялі пазыцыю, якая груба парушае нашыя правы, гарантаваныя заканадаўствам і Канстытуцыяй дзяржавы.
Каб іх абараніць, зьвярнуліся за судовай дапамогай. Разгляд спрывы заняў восем месяцаў.
30 студзеня 2009 году судзьдзя Маскоўскага суду спн.Рудніцкая прыняла рашэньне аб спыненьні правоў уласнасьці на жылы дом і наступным перасяленьні дзевяці чалавек з трох семі’яў з трыма малагадовымі дзецьмі ў дзьве сацыяльныя кватэры ў мікрараёне “Лошыца”. Да ведама: тое жытло з прымусовым правам прызнаньня ўласнасьці ўдвая меней па плошчы.
Ні ў судовым рашэньні, ні ў матывацыйнай частцы да рашэньня суду судзьдзя спн.Рудніцкая не ўказала, якімі менавіта нормамі заканадаўства яна кіравалася пры гэтым. А 6 сакавіка было афіцыйна адмоўлена ў тлумачэньні рашэньня суду.
Мы падрабязна вывучылі дзейныя нормы дзяржаўнага заканадаўства, выканалі, як ужо казаў раней, усё, што яно патрабавала, і таму сёньня з усёй адказнасьцю заяўляем: нашыя правы груба парушаныя, суд прыняў незаконнае рашэньне, якое супярэчыць заканадаўству і якое немагчыма абгрунтаваць яго нормамі.
Пры разглядзе справы на суд вёўся грубы, нічым не прыхаваны ціск з боку гарадзкой адміністрацыі.
Мы напісалі скаргу на суд і адміністрацыю кіраўніку дзяржавы – яе перадалі ў суд.
Мы напісалі скаргу на гарвыканкам – яе перадалі ў гарвыканкам…
Сытуацыя выйшла з прававога поля – усе нашыя спробы наладзіць дыялёг разбураюцца, скаргі ігнаруюцца. Правоў нас пазбавілі, гэтаксама як і аб’ектыўнага разгляду справы ў судзе.
Мы вывесілі расьцяжку на доме, каб прыцягнуць увагу да сваёй праблемы. Нашую скаргу падпісалі больш за сотню суседзяў.
Нам тэлефануюць дзясяткі ўласьнікаў дамоў, якія зносяць пад дзяржаўныя патрэбы. Яны расказваюць пра парушэньні законаў, грамадзянскіх правоў, пра цыніз чыноўнікаў мясцовых адміністрацый.
Пра гэта і будзем настойліва казаць вышэйшай заканадаўчай і выканаўчай уладам.