Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) выпрацоўваюць уласную антыкрызісную праграму, якою ў пэрспэктыве гатовыя падзяліцца з уладамі. На што перадусім робяць акцэнт незалежныя экспэрты?
Аснову калектыву, які ў рамках Аб’яднаных дэмакратычных сілаў распрацоўвае праграму выйсьця з эканамічна-фінансавага крызісу, складаюць вядомыя эканамісты — Станіслаў Багданкевіч, Яраслаў Раманчук, Леанід Заіка. Аднак прамежкавую ацэнку высілкам экспэртаў мае даць прэзыдыюм АДС. Канчаткова ўхваліць тэкст антыкрызіснай праграмы плянуецца на пасяджэньні Палітычнай рады ў сярэдзіне наступнага тыдня. Пакуль жа, як паказваюць падзеі, знайсьці агульную пазыцыю ня так проста і ў шэрагах аднадумцаў.
Усяго незалежныя экспэрты прапануюць паўсотні магчымых варыянтаў, як аблягчыць наступствы крызісу. На гэты момант зь некаторымі пунктамі дакумэнту ня згодзен толькі кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай, сустаршыня Палітрады АДС Сяргей Калякін:
“Ёсьць норма, што, маўляў, трэба скараціць сацыяльны падатак на 20%. У перакладзе на даступную мову гэта азначае, што ня будзе чым плаціць пэнсіі. Калі-небудзь такое трэба рабіць, але ня зараз, бо мы проста ня будзем ведаць, што рабіць з пэнсіянэрамі. Такія рэчы нічога не даюць для эфэктыўнасьці эканомікі. А калі нават і даюць, але маюць нэгатыўны ўплыў на становішча насельніцтва, то гэта таксама ня трэба прымаць. Мы супраць таго, каб усе цяжкасьці эканамічнага крызісу перакладаць на плечы насельніцтва. Існуюць іншыя магчымасьці, крыніцы, дзе браць сродкі, як эфэктыўна іх разьмяркоўваць. Усё вырашальна, але ў тым выглядзе, у якім дакумэнт разглядаўся на апошнім прэзыдыюме, на мой погляд, яго прымаць было нельга. Заўтра будзе сустрэча з другім бокам, які адстойвае іншыя падыходы, і мы дамовімся”.
На што перадусім зьвяртаюць увагу аналітыкі ў справе супрацьстаяньня сусьветнаму крызісу? Каардынатар антыкрызіснай праграмы ў АДС, эканаміст Леў Марголін лічыць, што ва ўмовах Беларусі да крызісу трэба ставіцца не як да зьнешняй навалы, якая перашкаджае краіне разьвівацца, а як да ўнутранага крызісу, праявы якога пачаліся нашмат раней:
“Увогуле ў праграме шмат пунктаў. Але галоўнае, што адрозьнівае яе ад урадавай праграмы, — гэта, зразумела, яе сыстэмнасьць. То бок ня нейкія асобныя мерапрыемствы, якія дастаткова правесьці — і адразу ўсё зьменіцца. Упор робіцца на тым, што насамрэч крызіс, які мае месца ў Беларусі, — гэта наш айчынны, родны крызіс. Ён пачаўся ня ў гэтым годзе і не ў канцы мінулага году, а яшчэ ў 2007-м, калі пачаліся праблемы з адмоўным гандлёвым сальда. І таму паводзіць сябе трэба зь ім, як з уласным крызісам, а ня зь нейкім, які адбываецца дзесьці ў іншых краінах. У нашага ўраду ёсьць такое ўражаньне, што мы знаходзімся ў нейкай лодцы пасярод штармавога мора: трэба толькі перачакаць гэты пэрыяд, і потым усё будзе зноў выдатна. Але выдатна ня будзе — хоць бы таму, што кошты на энэрганосьбіты ніколі ня вернуцца да ўзроўню, які быў на пачатку 2000-х гадоў”.
Карэспандэнт: “Ці магчыма прапанаваць антыкрызісную праграму на разгляд уладам Беларусі?”
“Яна будзе прапанаваная да разгляду, хоць мы, канечне, тут ня маем асаблівых спадзяваньняў і не глядзім праз ружовыя акуляры. Але спадар Багданкевіч, як адзін з распрацоўнікаў гэтай праграмы, і спадар Заіка будуць праграму прапаноўваць на пасяджэньні Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта, у якую яны ўваходзяць”.
Як і Сяргей Калякін, спадар Марголін спадзяецца, што вырашыць спрэчныя пытаньні найперш на лякальным узроўні ўдасца бліжэйшымі днямі, пасьля чаго антыкрызісную праграму можна будзе абмяркоўваць з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.