Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Лера Сом. Беларуская паэтка і бард. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Адзін з кіраўнікоў полацкага літаратурнага аб'яднаньня «Наддзвіньне». На яе творчым рахунку кнігі “Блюз каралеўскае кухні”, “Адзінокая зорка”, “Там, на небе”, “Свабода Слова Зіма”. Нядаўна ў выдавецтве “Логвінаў” выйшаў пяты па ліку зборнік Леры “Каралева прыйдзе ноччу: вершы пра каханьне”. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдінстытуту і філфак БДУ. Працуе выкладчыцай маляваньня і беларускай мовы і літаратуры ў Полацкай сярэдняй школе №. 5. Сябра сойму Партыі БНФ. Сёньня грамадзкі рэдактар тыдня Лера Сом разважае пра жанчын пры палітыцы.
– Жанчыны пры палітыцы… Іх хапае.
Жанчыны ёсьць у любой партыі ці арганізацыі.
Яны прыходзяць туды па-рознаму – хто ўслед за сваім мужчынам, хто таму, што не прыцягваюць заняткі, якія традыцыйна лічацца жаночымі… Застаюцца, прыглядаюцца, ацэньваюць.
Хто, па-вашаму, арганізоўвае каву і лусьцікі на чарговае паседжаньне чарговай рады? Хто прыводзіць у парадак дакумэнты, вазьні зь якімі хапае ў любой установе? Хто, перапрашаю, набывае туалетную паперу?
Баюся, пабыўшы на безьлічы сустрэч і радаў, ні разу ня бачыла за вышэйпамянёнымі заняткамі мужчыну.
У пэўны момант заангажаваныя ў партыю жанчыны разумеюць, што маглі б зрабіць і нешта больш карыснае за падтрыманьне адноснага парадку ў офісе… і спрабуюць высунуць свае прапановы.
У іх жа таксама ёсьць адукацыя, крэатыўнасьць, досьвед...
Крый Божа сказаць, што іх ня выслухаюць. Выслухаюць… і забудуцца.
Таму што пра высокае звыкліся размаўляць зь сябрамі-паплечнікамі?
Таму што мужчынам цяжка сур’ёзна ўспрымаць парады ад асобы, што неаднаразова падавала ім каву і лусьцікі?
Хтосьці, уздыхнуўшы, звыкла саступае на другі плян. Хтосьці пераймае мужчынскі стыль і даказвае на справе, што можа арганізаваць выбарчую кампанію, пікет, узначаліць ініцыятыву…
Жанчыны другога варыянту паводзінаў, між іншым, часьцяком са зьдзіўленьнем адзначаюць, што большасьць мужчын вельмі любіць гаварыць пра палітыку і ня вельмі любіць яе рабіць.
Бо палітыка, як і любая іншая справа – гэта процьма штодзённай чарнавой работы, да якой далёка ня ўсе гатовыя і да якой звыклыя менавіта жанчыны.
А пакуль што ніхто з маіх знаёмых жанчын-палітыкаў ня рвецца на лінію фронту…
Не ў апошнюю чаргу, магчыма, і таму, што іх калегі-партыйцы ня могуць уявіць сабе на першым месцы разумную, адукаваную, адказную, крэатыўную жанчыну.