Якую беларускую рэліквію страцілі ў ААН?

У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, нягледзячы на фінансавы крызіс, распачаты маштабны капітальны рамонт коштам 2 мільярды даляраў.



СЛУХАЦЬ:


Вялікай праблемай для адміністрацыі стала захаваньне шматлікіх твораў мастацтва, перададзеных ад імя розных краінаў у дар гэтай міжнароднай арганізацыі. Выявілася, што каштоўнасьці не застрахаваныя, таму транспартаваньне іх у аддаленае сховішча зьвязана зь вялізнай рызыкай. У выніку было вырашана закансэрваваць працы на часовым складзе побач з будынкам. Аднак, як паведамляе ўплывовая газэта “The Financial Times”, у часе пераезду зьніклі некаторыя творы, у тым ліку і карціна зь Беларусі пад назвай “Вечар”.

Паводле адміністрацыі штаб-кватэры ААН, ад часу адкрыцьця будынку ў 1951 годзе з калекцыі былі страчаныя чатыры працы. Сучасны збор налічвае блізу тысячы карцін, габэленаў, скульптураў і інш. У іх ліку — сусьветна вядомы габэлен “Герніка” Пабла Пікаса, карціны “Пяць кантынэнтаў” Сальвадора Далі і “Сьветач надзеі” Анры Матыса. Ёсьць у калекцыі і беларускія творы. Ад 1991 году адну са сьценаў залі пасяджэньняў Другога сацыяльнага камітэту займаў габэлен народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі. Як кажа тагачасны міністар замежных спраў Пятро Краўчанка, які займаўся арганізацыйнымі момантамі новай прапіскі габэлену “Чарнобыль”, гэта адзіны дар Беларусі ААН. Згадкі ў панядзелкавай “The Financial Times” пра нібыта страчаную беларускую карціну без пазначэньня аўтара (побач з амэрыканскімі абстракцыяністамі ХХ стагодзьдзя, а таксама кітайскімі і мэксыканскімі працамі), на перакананьне экс-міністра, памылковыя. Краіну паходжаньня пры такой колькасьці экспанатаў маглі проста пераблытаць:

Пятро Краўчанка
“Не, ніякай іншай карціны там не было. Толькі адзін твор беларускі, гэта габэлен. Дарэчы, аўтарамі гэтага габэлену зьяўляюцца два чалавекі. У заяўцы Рэспублікі Беларусь гэты твор праходзіць як твор Кішчанкі-Краўчанкі”.

Карэспандэнт: “Арганізатарскія высілкі — вашы, мастацкія — Кішчанкі?”

“Не, ня толькі арганізатарскія, я — аўтар ідэі трыптыху і г.д. У заяўцы так і напісана — твор двух чалавек”.

Карэспандэнт: “Іншых беларускіх твораў вы ня бачылі?”

“Не, няма. Дакладна няма”.

На пачатку 1990-х Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН у рангу Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара быў Генадзь Бураўкін. Ён згадвае, што кожная краіна-сябра арганізацыі намагалася адзначыцца адметным падарункам. Аднак іх колькасьць зусім ня радавала кіраўніцтва ААН:

Генадзь Бураўкін
“Падарункаў у ААН было многа і, між намі кажучы, гэта ня надта віталася. Кожная краіна хацела ня проста зрабіць падарунак, а яшчэ паставіць ці павесіць яго такім чынам, каб яго бачылі ўсе, хто ў будынак заходзіць. Бо іначай, калі падарунку ня будзе бачна, які ў ім сэнс? Паколькі ўсё ж краінаў шмат у ААН, то нават была такая ціхая просьба: маўляў, ня трэба падарункі дарыць, мы і так удзячныя за ўвагу да нашай арганізацыі, за павагу да яе. Але падарункі, канечне, былі розныя. Былі вельмі багатыя, асабліва з Афрыкі; кошт гэтых падарункаў сям-там даходзіў да соцень мільёнаў даляраў. Бо былі і алмазы, і шмат іншага. Ну, і былі творы мастацтва, былі скульптуры. Прымалася адпаведнае рашэньне, і гэта ўсё разьмяшчалася. Калі я ўжо там працаваў, як кажуць, вольных месцаў амаль не было”.

Былы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Саньнікаў кажа, што аднаго жаданьня вызначыцца перад іншай дзяржавай ці арганізацыяй недастаткова. Патрэбна, як у выпадку з габэленам Кішчанкі, згода пэўнай структуры прыняць падарунак:

Андрэй Саньнікаў
“Гэта ня тое, што была ініцыятыва МЗС, гэта быў падарунак менавіта Беларусі. І там інфармацыя пазначаецца менавіта такім чынам. Такая практыка ёсьць, аднак гэта адзінкавыя выпадкі. Трэба сказаць, што ўсё досыць працяглы час узгадняецца. Што тычыцца, прыкладам, ААН, то там ёсьць знакавыя падарункі, як, напрыклад, славутая “Герніка” Пікаса — таксама габэлен. Звычайна гэта такія падарункі, якія адлюстроўваюць нацыянальныя традыцыі, культуру, адметнасьці таго ці іншага народу”.

Карэспандэнт: “У іншых міжнародных арганізацыях ёсьць беларускія падарункі?”

“Ня думаю, што дзесьці ў Міжнародным валютным фондзе ёсьць падарункі ад Беларусі, але паколькі ёсьць у ААН такая практыка, то не выключаю, што нешта падобнае можа практыкавацца ў іншых арганізацыях. Але ўсё залежыць ад самой арганізацыі, дакладней, ад адміністрацыі канкрэтнай арганізацыі. І калі яны прымаюць, то гэта нармальна”.

Колішні амбасадар Беларусі ў Румыніі і Генэральны консул у польскім Гданьску Анатоль Бутэвіч расказвае, што падарункі ад імя дзяржавы ў міжнароднай практыцы здараюцца досыць рэдка — трэба, каб аргумэнт на карысьць такой акцыі быў надзвычай моцны. Аднак на ніжэйшым узроўні абмен падарункамі — справа элемэнтарнага этыкету:

“Тут усё — гледзячы якога ўзроўню. Адна справа — дары дзяржавам ці арганізацыям. Тады гэта кампэтэнцыя МЗС. Калі гэта прыватныя падарункі — дапусьцім, я іду на сустрэчу з мэрам як амбасадар і нясу яму кніжку, альбом ці што іншае — то гэта ўжо не ад імя дзяржавы, а гэта мой пасольскі знак увагі. На дзяржаўным узроўні, калі нешта МЗС разьмяшчае ў ААН ці ЮНЭСКА, то гэта ўжо афіцыйны жэст, пратакольны. Усё астатняе — на ўзроўні гасьціннасьці, чалавечнасьці. Бо можна ісьці з пустымі рукамі, а можна з падарункам. У дадзеным выпадку пратакол ужо ні да чога не абавязвае. Але ёсьць сытуацыя іншага кшталту: каб нешта павесіць у ААН ці ЮНЭСКА, то трэба месца “прабіць”. Проста так сьцены не пустуюць, каб захацеў і наляпіў. Ведаю, што Пётар Краўчанка адмыслова займаўся гэтым, доўга выбіваў лепшае месца пад чарнобыльскі габэлен Кішчанкі. Гэта вялікая праца падрыхтоўчая, бясспрэчна”.