Кіраўніцтва Цэнтру культуры і адпачынку магілёўскага аддзяленьня Беларускай чыгункі адмовіла аргкамітэту па сьвяткаваньні гадавіны БНР у арэндзе залі, каб правесьці ўрачыстую вечарыну.
У адказе за подпісам дырэктара Цэнтру Мікалая Шышова гаворыцца, што 25 сакавіка там будзе праходзіць “плянавае мерапрыемства”.
Перад падачай заяўкі прадстаўнікі аргкамітэту прапаноўвалі гарвыканкаму адзначыць Дзень Волі разам. У аддзеле ідэалёгіі паабяцалі падумаць і паведаміць празь некалькі дзён:
“Я лічу, што дырэктар цэнтру даў адказ пасьля ўзгадненьня з аддзелам ідэалёгіі. Падчас нашай сустрэчы зь ім ён зазначаў, што ня можа даваць такія адказы без узгадненьня з гарвыканкамам. Што да супольнага з уладай сьвяткаваньня Дня Волі, то пакуль няма чаго казаць. Мінула ўжо дзесяць дзён, а адказу з гарвыканкаму няма. Значыць, будзем сьвяткаваць без удзелу ўлады. Вядома, прыкра, што ўлада засталася глухой да нашай ініцыятывы”, — зазначае сябра аргкамітэту Рыгор Кастусёў.
Акрамя ўрачыстай вечарыны, у Магілёве на Дзень Волі заплянаваны мітынг на Савецкай плошчы побач з абласным краязнаўчым музэем. 12 ліпеня 1918 году ў гэтым будынку прадстаўнікі грамадзкасьці прызналі ў горадзе ўладу БНР.
Летась на Дзень Волі гарвыканкам не дазволіў правесьці мітынг і шэсьце. Сваю адмову чыноўнікі аргумэнтавалі рамонтам пляцоўкі, дзе гэтыя мерапрыемствы павінны былі адбыцца. Рамантуюць пляцоўку дагэтуль.