“Паэтак прызнаюць у нас за вершы, напісаныя па-мужчынску”

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Лера Сом. Беларуская паэтка і бард. Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Адзін з кіраўнікоў полацкага літаратурнага аб'яднаньня «Наддзвіньне». На яе творчым рахунку кнігі “Блюз каралеўскае кухні”, “Адзінокая зорка”, “Там, на небе”, “Свабода Слова Зіма”. Нядаўна ў выдавецтве “Логвінаў” выйшаў пяты па ліку зборнік Леры “Каралева прыйдзе ноччу: вершы пра каханьне”. Скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдінстытуту і філфак БДУ. Працуе выкладчыцай маляваньня і беларускай мовы і літаратуры ў Полацкай сярэдняй школе №. 5. Сябра сойму Партыі БНФ. Сёньня грамадзкі рэдактар тыдня Лера Сом разважае пра жаночую паэзію

– Жаночая паэзія… Напісала гэтае словазлучэньне, і адразу прыгадаліся літаратуразнаўчыя артыкулы зь дзясяткам звыклых імёнаў і ня менш звыклыя доказы вартасьці жаночай паэзіі.

У маіх развагах-заўвагах імёнаў і доказаў ня будзе, толькі пэўныя назіраньні – як за паэзіяй, так і за паэткамі.

Беларускія паэткі пішуць тысячы вершаў пра каханьне, але эратычных сярод іх можна знайсьці адзінкі. Можа, таму што для якаснай эротыкі, якую немагчыма перадаць не перажыўшы, патрэбна шчасьлівае каханьне?

Жанчыны аднолькава мала пішуць і пра бацькоў, і пра дзяцей.

І бацькі, і дзеці – дадзенасьць жыцьця, якая і так ёсьць.

Жанчыне цікава пісаць пра тое, што побыту не датычыць.

Жаночая паэзія па сутнасьці сваёй стваральная. Яна хоча ўзьдзейнічаць на недасканалы сьвет ня сьмертным боем, а каханьнем.

Большасьць нашых прызнаных паэтак атрымалі прызнаньне дзякуючы вершам, напісаным па-мужчынску і на мужчынскія тэмы.

Сярод жанчын-паэтак фактычна няма голых экспэрымэнтатараў. Не таму, што яны на гэта не здольныя – таму што ім гэта непатрэбна і нецікава.

Жанчыны, як і дзеці – канкрэтыкі, сэнсу ў працы дзеля формы (праформы) яны не бачаць.

Жаночая паэзія заўсёды будзе адрозьнівацца ад мужчынскай, бо жанчыны заўсёды застануцца жанчынамі.



P.S.

* * *
Мілаю паэмкай мілая паэтка
Выціскае слёзкі з тоннай камянюкі:
Трэба ж неяк мужу набываць шкарпэткі,
Раз усе каханкі – злосныя манюкі.