Аўтуховіча змушаюць прызнаць віну ў падпале

Мікалай Аўтуховіч

Сёньня мінае 22 дзень, як у турме на Акрэсьціна ўтрымліваюцца былыя палітвязьні, ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў, а таксама Ўладзімер Асіпенка.

Сёньня праваабаронца Алег Воўчак распавёў, што жонка Мікалая Аўтуховіча Алена знайшла дакумэнты, якія сьведчаць, што ў 2006 годзе сьледзтва ўжо цікавілася, ці мае Аўтуховіч дачыненьне да гэтай справы, і ягонай віны ня выявіла.

Алег Воўчак
Воўчак:
“Тады трэсла іх цэлая група сьледчых, опэры — чалавек 20. Усіх знаёмых, радню. Шукалі доказы, довады, каб Аўтуховіча прывязаць да гэтых падпалаў”.

Праваабаронца Воўчак цяпер задаецца пытаньнем — чаму адбыўся паўторны арышт? Ён дадае, што Лявонаў і Асіпенка наагул не фігуравалі ў той справе 2006 году. Акрамя гэтага, апошнім часам яны ня мелі між сабой кантакту й працавалі ў розных месцах.

Спадару Воўчаку ўдалося высьветліць яшчэ адну акалічнасьць.

у матэрыялах справы Аўтуховіча зброя нідзе не фігуруе ...
Воўчак:
“За два тыдні да іх арышту ў Ваўкавыскім раёне быў знойдзены гранатамёт і затрыманы чалавек. Верагодна, што менавіта гэта й меў на ўвазе Лукашэнка, калі казаў пра зброю. Хаця, падкрэсьлю, у матэрыялах справы Аўтуховіча зброя нідзе не фігуруе”.

Сёньня ж я пацікавіўся ў адваката Аўтуховіча Паўла Сапелкі, ці зьявілася нешта новае ў справе Аўтуховіча й што зь ягоным здароўем.

Павал Сапелка
“Пагоршыўся стан здароўя, і нічога новага. Прастыў, зрок пагаршаецца”.

І сёньня ж міністар Навумаў заявіў, што нібыта ўсім траім могуць быць прад’яўленыя новыя абвінавачаньні.

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязьні. Яны былі асуджаныя да турэмнага зьняволеньня, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі.

Ад моманту затрыманьня родным не дазволілі ніводнай сустрэчы з арыштаванымі, а таксама не далі ім выступіць у якасьці абаронцаў. Юры Лявонаў надалей знаходзіцца ў шпіталі.




8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС разам з байцамі спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” арыштавалі Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенку. У іхных кватэрах адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскае СІЗА.

Паводле інфармацыі МУС, затрыманыя падазраюцца ў арганізацыі і зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў. У прыватнасьці, было паведамлена пра падпалы і падрывы маёмасьці дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам яны нібыта помсьцілі за перасьлед іхнай фірмы. Пазьней БТ паведаміла, што пры ператрусах у затрыманых была знойдзена выбухоўка і агнястрэльная зброя.