Шмат новага знойдуць чытачы нас старонках 38-га нумару часопісу “Дзяслоў”. А яшчэ пабачаць і новыя літары беларускага альфабэту.
СЛУХАЦЬ:
Вершы Генадзя Бураўкіна, Уладзімера Арлова, Ніны Мацяш, Марыі Баравік, прозу Сяргея Дубаўца, Кастуся Тарасава, Андрэя Федарэнкі, Сяргея Рублеўскага, дзёньнікавыя запісы Міхала Дубянецкага ды шмат іншых твораў знойдуць прыхільнікі сучаснай беларускай літаратуры на старонках новага, трыццаць восьмага нумару незалежнага часопісу “Дзеяслоў”.
Распавядаць пра нечаканыя паэтычныя вобразы мэтраў айчыннага прыгожага пісьменства ці пра цудоўную стылістыку іхных кароткіх аповесьцяў, пераказваць невядомыя эпізоды нядаўняй гісторыі краіны, зафіксаваныя ў прыватных нататках ці дзівіцца трапнасьці назіраньняў маладога крытыка – усё тое марная справа. Тэксты, зьмешчаныя на старонках трыццаць восьмага нумару “Дзеяслова”, вартыя ўдумлівага чытаньня і перачытваньня.
А вось пра артыкул Уладзімера Дубоўкі, які дайшоў да сучаснага чытача амаль праз стагодзьдзе ад часу напісаньня, хочацца пагаварыць з галоўным рэдактарам часопісу Барысам Пятровічам.
“У дваццатыя гады выходзіў часопіс “Узвышша” і тады Ўладзімер Дубоўка прапанаваў для гэтага часопіса праект беларускіх літар для гукаў “дз” і “дж”, літар, якія маюць гукі, але ня маюць свайго графічнага адлюстраваньня. Гэтая праблема з дваццатых гадоў ня вырашаная, і я думаю, што на новым этапе яна павінна зацікавіць ня толькі проста чытачоў, але і навукоўцаў”.
Праблема асабліва надзённая ў сувязі з адсутнасьцю паразуменьня паміж карыстальнікамі двух правапісаў беларускае мовы – клясычнага і афіцыйнага. Дасягнуць адзінства, лічыць спадар Пятровіч, можа варыянт, якім друкуецца “Дзеяслоў”.
“Дзеяслоў” па-ранейшаму друкуецца на сваім правапісе, які адрозьніваецца і ад тарашкевіцы, і ад наркамаўкі так званых. Мы працягваем свае традыцыі і хочам паказаць, што праблема ў беларускай мове існуе ня толькі ў межах гэтых двух правапісаў, але ёсьць яшчэ і іншыя праблемы, тыя, якія ня вырашаныя з дваццатых гадоў”.
Друкуючы артыкул Уладзімера Дубоўкі, рэдакцыя спадзяецца, што ў сытуацыі, калі праблема ўнармаваньня беларускае мовы застаецца надзённай, навукоўцы зьвернуць увагу і на неабходнасьць увядзеньня ў альфабэт новых літар, якія будуць азначаць ня толькі гукі “дж” і “дз”, але і іншыя, да прыкладу “г выбуховы”. На пытаньне, ці не зьбіраецца “Дзеяслоў” бліжэйшым часам сам паслугоўвацца прапанаванымі амаль сто гадоў таму літарамі, спадар Пятровіч сказаў:
Я думаю, што гэтай прапановай павінны зацікавіцца людзі, якія працуюць са шрыфтамі