На новыя кампутары няма грошай

Гарадзенскія фірмы па продажы кампутараў і аргтэхнікі зьменшылі рэалізацыю на 50—70%.

Дырэктар гарадзенскай прыватнай фірмы ЗАХАД ІТАДО, якая займаецца рэалізацыяй кампутараў і аргтэхнікі, Віктар Ахрэмчык кажа, што праблемы з продажам пачаліся яшчэ ў канцы мінулага году.

“Вядома, рэалізацыя пагоршылася, бо грошай ні ў кога няма. Нашмат горш сталі купляць: адсоткаў на 60—70. І пакуль няма ніякага паляпшэньня, нічога на лепшае не зьмяняецца”.

Як кажа спадар Ахрэмчык, сытуацыю ратуе тое, што ягоная фірма займаецца яшчэ і напісаньнем кампутарных праграмаў, якія дагэтуль карыстаюцца попытам.

Намесьнік дырэктара фірмы “Мэдыядром” Артур Чарашкевіч распавядае, што рэалізацыя кампутараў і аргтэхнікі ў іх зьнізілася на 50%, хаця кошты значна не падрасьлі. Менш, зь яго слоў, купляюць ня толькі фізычныя асобы, але й арганізацыі.
нам яшчэ за мінулы год даўгі не павярталі ...

“Няма грошай, дый крэдыты перасталі даваць. У дзяржарганізацый зьменшылася фінансаваньне. Да ўсяго, нам яшчэ за мінулы год даўгі не павярталі, вось цяпер судзімся зь імі. Але што значыць судзіцца зь дзяржструктурамі...”

Спадар Чарашкевіч кажа, што на фірме давялося ўжо скараціць некалькі супрацоўнікаў і зачыніць адзін гандлёвы пункт.

Ён лічыць, што людзі ўсё роўна набываюць кампутары, толькі імкнуцца зрабіць гэта ў тых, хто прадае іх таньней. А таньней, на яго думку, прадаюць тыя, хто самастойна зьбірае іх і ня плаціць падаткаў.

Яшчэ спадар Чарашкевіч дадае, што большасьць карыстальнікаў кампутараў і аргтэхнікі вымушаны карыстацца састарэлым абсталяваньнем, якога ў заходніх краінах нідзе ўжо не сустрэнеш.