Тром фігурантам “справы 14-ці” пагражае зьняволеньне

3 сакавіка пачнецца суд над Арцёмам Дубскім. Хлопца вінавацяць у парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня. Непаўналетняму Максіму Дашуку таксама пагражае зьняволеньне ад 6 месяцаў да трох гадоў паводле аналягічнага абвінавачаньня. Адна з пакараных, Тацяна Цішкевіч, знаходзіцца ў Польшчы і цяпер ня можа наведаць сваю сям’ю.

СЛУХАЦЬ:


Максім Дашук да суду павінен знаходзіцца дома. Ён адзіны непаўналетні, каго судзілі ў так званай “справе 14-ці”. Максімаў бацька памёр у красавіку, і хлопец, каб матэрыяльна забясьпечыць сям’ю, дапамагаў сваёй маме. Яна як індывідуальны прадпрымальнік займаецца дастаўкай прадуктаў.

Максім Дашук
Максім Дашук расказаў, што патлумачыў быў сытуацыю ўчастковаму міліцыянту, і той пайшоў насустрач. Усё зьмянілася, калі прыйшоў новы ўчастковы.

Канецкі, вось зь ім ужо дамовіцца было немагчыма. Усё залежала ад яго: напіша ён рапарт у крымінальную інспэкцыю ці не. Па словах пракурора, суд будзе праз 2-3 месяцы. Так што фактычна чакаю турмы… Мама, канечне, хвалюецца, плача. Мама ў мяне індывідуальная прадпрымальніца. Займаецца дастаўкай прадуктаў дадому. Дапамагаў ёй як грузчык. Яна сама ня можа. Я адзіны мужчына ў сям’і. Бацька ў красавіку памёр”.

У міліцыі Маскоўскага раёну зрэагавалі на рапарт участковага, і 23 лютага хлопца накіравалі ў сьледчы ізалятар. Але наступнага дня адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд. Суд можа ўжыць да Максіма артыкул 70, згодна зь якім хлопца могуць накіраваць адбываць пакараньне на так званую “хімію”.

Арцём Дубскі
Арцём Дубскі знаходзіцца ў бабруйскім сьледчым ізалятары. 14 лютага яго зьнялі зь цягніка на беларуска-ўкраінскай мяжы. Падчас адбыцьця пакараньня на Арцёма завялі яшчэ адну крымінальную справу, абвінаваціўшы хлопца ў тым, што ён з чужой сім-карткі выйшаў у інтэрнэт. Арцём зьехаў ва Ўкраіну. Паводле завочнага прысуду ён мусіць заплаціць кампаніі “Velcom” тры з паловай мільёны рублёў.

Тацяна Цішкевіч знаходзіцца ў Польшчы. Яе пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі. Дзяўчыну адлічылі з унівэрсытэту фізкультуры, калі яна адбывала арышт за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Тацяна вучыцца далей ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце фізкультуры па праграме Кастуся Каліноўскага.

Цяпер яна ня мае магчымасьці вярнуцца на Радзіму, бо на мяжы яе затрымаюць за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня.

Тацяна Цішкевіч
“Я не хацела страчваць два гады. Цяпер не магу паехаць у Беларусь, бо мяне здымуць зь цягніка, як і Арцёма Дубскага. Мяне будзе чакаць такі ж лёс, як і Арцёма. Вельмі сумую, хочацца пабачыць сваіх сяброў, сваю сям’ю. Але я гэтага цяпер зрабіць не магу”.

Акрамя Тацяны Цішкевіч, Максіма Дашука і Арцёма Дубскага, абмежаваньнем волі ўвесну пакаралі 9 чалавек. Гэта Аляксандар Баразенка, Аляксей Бондар, Павал Вінаградаў, Андрэй Кім, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Міхась Субач і Алесь Чарнышоў.

Уладзімера Сяргеева і Антона Койпіша пакаралі штрафамі.

Гаворыць Алесь Стральцоў:

Алесь Стральцоў
“Умовы адбыцьця пакараньня стандартныя, як у іншых асуджаных у такіх справах. Я не адчуваю на сабе ні больш жорсткага стаўленьня, ні нейкіх ільготных умоваў. Думаю, што мяне кантралююць і наведваюць так, як і астатніх.

Што ж тычыцца Дашука, то я лічу, што 17-гадовага хлопца садзіць у калёнію за тое, што ён дапамагаў сваёй маці працаваць, зарабляў грошы… Гэта ня тое парушэньне, за якое трэба караць“.

Аляксандра Баразенку судзілі апошнім. Хлопец вучыўся ва Ўроцлаўскім унівэрсытэце. Ён разьлічваў, што адбудзе тэрмін пакараньня і ў кастрычніку паедзе вучыцца далей.

Аляксандар Баразенка
“Цягнецца нейкі разбор наконт таго, дзе я мушу адбываць пакараньне. Атрымліваецца, што прысуд не ўступіў у сілу, а час ідзе. У такім выпадку я магу не пасьпець да пачатку наступнага году. Такім чынам я магу прапусьціць яшчэ адзін навучальны год”.

Суд над Арцёмам Дубскім пачнецца 3 сакавіка ў Асіповіцкім гарадзкім судзе. Хлопцу пагражае ад 6 месяцаў да трох гадоў зьняволеньня.