У Гарадоцкім райсудзе пачаўся разгляд скаргі актывіста Руху "За Свабоду" Леаніда Аўтухова супраць Гарадоцкага райвыканкама, які не дазволіў правесьці сход грамадзян 9 студзеня гэтага году.
Спадар Аўтухоў хоча аспрэчыць пазыцыю намесьніцы старшыні райвыканкама Надзеі Буруновай, якая не дазволіла правесьці сход жыхароў Гарадка ў залі райвыканкама, спаслаўшыся на пастанову раённай адміністрацыі пра вызначэньне пэўных месцаў для правядзеньня масавых акцый. Гэткім месцам у Гарадку прызначана ўрочышча Вераб’ёвы горы на самым ускрайку райцэнтру.
Леанід Аўтухоў просіць суд прызнаць рашэньне намесьніцы старшыні Гарадоцкага райвыканкама Надзеі Буруновой незаконным, бо яно абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзян на правядзеньне мірных сходаў. Ён мяркуе, што Гарадоцкі раённы выканаўчы камітэт мусіць прыняць іншае рашэньне – даць дазвол на правядзеньне новага сходу. Бо тэма, на якую хацелі б паразмаўляць з жыхарамі Гарадка тамтэйшыя актывісты, не толькі не састарэла, а наадварот – зрабілася яшчэ больш актуальнай: "Аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне і мерах пераадоленьня эканамічнага крызісу".