ЭЗ не гарантуе Беларусі ўдзелу ва Ўсходнім партнэрстве

Крысьціна Галах

З такой заявай выступіла прэсавая сакратарка Хавіера Саляны Крысьціна Галах на сустрэчы з журналістамі з шэрагу постсавецкіх краін.

Паводле агенцтва Інтэрфакс, Галах зазначыла, што не гарантаванае і запрашэньне А. Лукашэнкі на саміт 7 траўня ў Празе. Для гэтага, паводле яе словаў, “Менску трэба выканаць вялікае хатняе заданьне" ў галіне палітычных рэформаў і палітыкі павагі правоў чалавека.
.
Паводле словаў Галах, Эўразьвяз мае намер усталяваць зь Беларусьсю дыялёг у пытаньнях правоў чалавека і прадоўжыць кантакты зь беларускай апазыцыяй.

“Эўразьвяз зь вялікай павагай ставіцца да палітычных лідэраў беларускай апазыцыі, якія правялі вялікую барацьбу. Нельга прадставіць, што мы адвернемся ад іх. Мы маем намер працягнуць працу з апазыцыяй у будучыні”.

Паводле спадарыні Галах, у бліжэйшыя месяцы Эўразьвяз мае ўхваліць новае рашэньне наконт санкцыяў супраць беларускага кіраўніцтва. Санкцыі былі прыпыненыя ў кастрычніку мінулага году на паўгоду. У сакавіку ці красавіку Эўразьвяз вернецца да гэтага пытаньня і ўхваліць новае рашэньне, прыпыняць санкцыі надалей на пэўны пэрыяд ці не.

"Гэта будзе залежаць ад прагрэсу ў сфэры свабод і правоў чалавека ў Беларусі",-- падкрэсьліла прэсавая сакратарка Хавіера Саляны.

Тым часам прэсавая сакратарка Хавіера Саляны Крысьціна Галах адкінула абвінавачваньні з Сухумі. Яна мяркуе, што ў гэтым пытаньні няма ціску Брусэлю на афіцыйны Менск:

"Мы кажам Беларусі рознымі словамі, што гэта дрэнная ідэя. Гэта ня ціск, гэта траспарэнтнае абмеркаваньне пазыцыі. Гэта лягічна, калі мы скажам нашым партнэрам, што нашая палітыка – не прызнаваць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Мы верым у тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі”.