У Слоніме згарэлі два танкі Т-72

Супрацоўніца “Газэты Слонімскай” Кацярына Беразоўская распавядае для слухачоў “Свабоды” пра тое, што на тэрыторыі вайсковай часткі, якая знаходзіцца ў горадзе, згарэлі два танкі:

“Пры правядзеньні плянавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы адбылося ўзгараньне паліва і загарэўся танк Т-72. Прычынай стала няспраўнасьць сьвечак баявой машыны. У выніку адбыўся выбух бакаў з палівам. Полымя перакінулася на суседнія машыны. Пажарныя цьвердзяць, што калі б яны спазьніліся хвілін на 10, то здэтанаваў бы баявы камплект адной з машын”.

У газэце “Бабруйскі кур’ер” час ад часу зьяўляецца тэматычная старонка — “Грамадзкая трыбуна”. Гэтым разам яна прысьвечаная стварэньню гарадзкой арганізацыі абароны жывёл, кажа супрацоўнік выданьня Віктар Качан:

“Ініцыятарка, Вольга Азаронак, занялася гэтай справай, пасьля таго як у яе на прадпрыемстве за адзін дзень зьнішчылі 18 сабак.

Справа ў тым, што ў нас было здарэньне, якое прагучала на ўсю краіну. Тут сабака дзяўчыну моцна пагрыз. Дзяўчына засталася жывая. Праўда, без рукі.

Пасьля гэтага ў Бабруйску пачалі адстрэльваць сабак на вуліцы. Не разьбіраюцца — малы ці не малы. І Вольга Азаронак кажа, што пакуль ініцыятары занятыя зборам сродкаў для афармленьня ўсіх неабходных дакумэнтаў, каб афіцыйна атрымаць статус грамадзкай арганізацыі”.

Алесь Белы, журналіст баранавіцкай газэты “Intex-press”, кажа: у сьвежым нумары пішацца пра тое, што колькасьць вэнэралягічных захворваньняў у рэгіёне ўзрастае. Доктарка Галіна Ахмадгаліева лічыць, што ў распаўсюдзе вэнэрычных хваробаў вялікую ролю адыгрываюць сацыяльна-культурныя ўмовы жыцьця:

“Рана пачынаецца полавае жыцьцё, моладзь не баіцца забаронаў. Няма ўплыву бацькоў, расьце прастытуцыя. Вось асноўныя прычыны, на якія спасылаецца спадарыня Ахмадгаліева”.