Брытанскі блогер: “Там, дзе сьвяткуюць Дзень танкіста”

Так, маючы на ўвазе Беларусь, піша ў сваім блогу на інтэрнэт-старонцы Financial Times адзін з брытанскіх аўтараў.

Аўтар згадвае, што, як і ў колішнія камуністычныя часы, брытанскія ўнівэрсытэты штогод прапануюць тым, хто вывучае расейскую мову, правесьці тры месяцы ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве ці Менску.

Паездка ў першыя два гарады заўсёды лічылася выйгрышным лятарэйным білетам. Зьезьдзіць у Кіеў таксама было няблага. У Менск жа ехаць не хацелі. Гэта, паводле блогера, азначала б тое ж самае, што спадзявацца на Лёндан, а замест гэтага трапіць у нейкі правінцыйны Сток-он-Трэнт.

Паводле брытанскага блогера, пасьля таго як Менск са сталіцы Беларускай ССР ператварыўся ў сталіцу незалежнай Беларусі, ён зьмяніўся. Аднак не істотна.

“Калі я быў у Менску, то мяне зьдзівіў вялікі надпіс “Горад-герой”. Беларусь — адно зь нямногіх месцаў на Зямлі, дзе ўсё яшчэ сьвяткуюць дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, ня кажучы пра Дзень танкіста.

Як і ў 1980-я, трапіць у Беларусь складана. Я ўяжджаў у краіну на аўтамабілі праз памежны пункт Каменны Лог, што на літоўска-беларускай мяжы. Гасьцей краіны перасьцерагала шыльда, на якой значылася: любая спроба падкупіць памежнікаў азначае пакараньне двума гадамі папраўчых працаў ці трыма гадамі турмы.

Зь нейкай дзіўнай прычыны ў літоўкі, якая ехала разам са мной, патрабавалі, каб яна набыла мэдычную страхоўку — інакш яе проста не пусьцілі б у Беларусь. Наўрад ці гэта былі нейкія хітрыкі дзеля таго, каб сабраць вялікія грошы на падтрымку дзяржаўнай эканомікі. Адзін з эўрапейскіх дыпляматаў у Менску, якому я пазьней распавёў гэту гісторыю, мяркуе, што гэта такі спосаб, каб затрымаць уезд у краіну.

Ёсьць праблемы і з выездам зь Беларусі. Адзін памежнік пракантралюе, каб у вашай машыне было столькі ж людзей, колькі і пры ўезьдзе ў краіну. Другі папросіць вас адчыніць капот, каб праверыць, ці не хаваеце вы там зброю, слоік з ікрой ці якога дробнага дысыдэнта”.