Самаравічы: акупацыя, сьвіньні, крызіс і “беспаролька”

Невялікая вёска Самаравічы, што ў Зэльвенскім раёне, калісьці была вёскай памежнай. І хоць тую мяжу памятаюць адно старыя людзі, і хоць тая мяжа існавала ўсяго няпоўныя тры гады, для многіх самараўцаў яна была надзеяй на фізычнае выжываньне.

Бо гэта была мяжа паміж фашысцкім Рэйхам і акупаванай Беларусьсю. Гітлераўскае кіраўніцтва далучыла частку Гарадзеншчыны да Ўсходняй Прусіі. Выказала такім чынам павагу да балцкага субстрату ў беларускай крыві. І калі за Зэльвянкай ішла партызанская вайна і гвалт з боку акупантаў, па гэты бок мяжы парадкі былі значна мякчэйшыя. 80-гадовы Іван Жамойцін, моцны селянін, які ўсё жыцьцё жыве ў Самаравічах, тую мяжу памятае добра.



Карэспандэнт: “Што тут тварылася за немцамі?”

Іван: “За немцамі? Па Зэльвянку, гэта была граніца. Гэты бок лічыўся як бы Германія. Тут хадзілі нямецкія грошы. А там былі ваенныя грошы. І там лічылася ваенная паласа. І тут у нас немцы ў ў гэтай школе былі. І тут яны праседзелі спакойна. Ніколі партызаны тут іх не патурбавалі. Аднойчы вясельле было на вёсцы. І два немцы былі на тым вясельлі. Гулялі. А партызаны па балоце прыйшлі сюды, на гэты падворак, дзе вясельле было. І гавораць гэтаму гаспадару — мы іх заб’ем, вашых немцаў. Але гэты гаспадар ужо так іх стаў прасіць. «Ну, — гаворыць, — вы іх заб’яце. А куды нам заўтра ісьці?» Гэты гаспадар вынес ім пачастунак. І яны паслухалі. Не чапалі гэтых немцаў”.

Сястра спадара Івана, Ксавэрына, распавяла мне кранальную гісторыю пра патаптанае каханьне і аднаўленьне справядлівасьці.



Ксавэрына: “Яна была калека, а ён стройны быў. І ў іх атрымалася так, што дзіцё атрымалася. А потым ужо, як браць яе, дык ён не хацеў. Братавая пайшла да немца. Той немец яму як улімоніў добра, што нават у касьцёле шлюб узяў. І забраў яе”.

Як смалілі вепрука? Каб ні гуку не было. Каб ні сьвятла не было. У хату прыводзілі.
Вось так, дзякуючы нямецкім акупантам, зьявілася яшчэ адна сям’я. Што цікава, пасьля вайны гэтая пара не разьбеглася. Жылі, кажуць, доўга і шчасьліва. Зрэшты, што казаць пра часы акупацыі, калі галоўнай бядой было смаленьне вепрука? У хаце яго было разьбіраць нязручна.

Ксавэрына: “Як смалілі? Каб ні гуку не было. Каб ні сьвятла не было. У хату прыводзілі. Тут ужо калолі. І ў хаце смалілі. Хто табе дазволіць на двары? Цябе забяруць у лягер. І сьвіньню забяруць, і цябе забяруць”.

Карэспандэнт: “Чаму? Таму што кожная сьвіньня на ўліку?”

Ксавэрына: “Значыцца лішняе ў цябе ёсьць. Трэба здаць”.

Я шмат чуў розных гісторыяў пра партызанскае змаганьне. Але кожнага разу дзіўлюся кону, які гуляў лёсамі людзей. Вось, напрыклад, гісторыя ад Івана Жамойціна пра ледзь не джэнтэльмэнскія паводзіны аднавяскоўцаў, што апынуліся па розныя бакі фронту.

Іван: “Быў у нас адзін партызан. З нашай вёскі, з Самаравіч. Прыходзіў ён сюды, да сваякоў. І аднойчы тут былі такія людзі. Невядомыя. Калі партызан зьявіцца, нехта немцам скажа. І аднойчы тут паліцаі свае, немцы са школы. Акружылі адрыну гэтую. Нехта давёў, што ён тут хаваецца. Ну, значыцца, адзін паліцай з нашае вёскі адкрыў гэту салому, паглядзеў. Той з аўтаматам там сядзеў. І закрыў. Не сказаў немцам. А калі прыйшлі ўжо рускія сюды, гэты паліцай яшчэ тут знаходзіўся. У сваёй вёсцы. То гэты партызан, ён ужо тут хадзіў свабодна, пайшоў і сказаў: «Сёньня ўцякай, бо заўтра па цябе прыедуць». І гэты ходу. Змыўся адгэтуль. На Польшчу ўцёк”.

Цёплае беларуска-нямецкае сяброўства хутка скончылася пасьля Сталінградзкай бітвы, калі вынік вайны ўжо ні для кога ня быў сакрэтам. І ў беларускую частку Рэйху дакацілася мабілізацыя на працоўныя франты Нямеччыны. Пачаўся вываз маладых людзей. Жыхара Самаравічаў Баляслава Юльянавіча вывезьлі ў 43-м, 15-гадовым юнаком. Ягоная гісторыя цікавая адным момантам. Ён выжыў цудам. А загінуць мог ад рукі таго, хто вызваляў зь нямецкага палону.



Баляслаў: “Выходзіць палкоўнік. Там штаб быў раней нямецкі, вялікая хата. Мы прыйшлі. «Хто вы?» — «Вось патрапілі да сваіх». — «Дык вы здраднікі». У нас на галаве валасы паўставалі. «Станавіся ў шэраг!» А сам бярэцца за пісталет. І ва ўсіх пытаецца: «Ты скуль?» — «Я стуль і стуль». — «Ты скуль?» Да мяне падышла чарга. «Чаму ў партызаны не пайшоў?» — «Я малалетні». А нейкі быў зь Ленінграду. Ой, як ён да яго чапіўся. За пісталет бярэцца. Але бачым, з другога хутару бяжыць нейкі лейтэнанцік. Угледзеў ён гэту работу і ў штаб паляцеў. А там ужо, мусіць, тэлефон быў, ці што. «Таварыш палкоўнік, хутчэй. Выклікаюць вас!» А да нас кажа: «Хлопцы, вы, — кажа, — уцякайце, адкуль прыйшлі. Ён не з аднымі вамі разьлічыўся»”.

Карэспандэнт:
Мы прыйшлі. «Хто вы?» — «Вось патрапілі да сваіх». — «Дык вы здраднікі». У нас на галаве валасы паўставалі. «Станавіся ў шэраг!»
“Ён мог вас забіць?”

Баляслаў: “Я ня ведаю. Кажа: “Адкуль прыйшлі, уцякайце. А тады назаўтра пойдзеце ў камэндатуру. Ён не з аднымі гэткімі разьлічваўся”.

Суседка Баляслава, пэнсіянэрка Леакадзія, жыве недалёка ад рэчкі Мартынаўкі, што маляўніча цячэ празь вёску. Дакладней, маляўніча працякала. Калісьці ў ёй мылі бялізну і лавілі ракаў. Сёньня яна пераўтворана ў сьцёкавы канал для гною зь велізарнага сьвінагадоўчага комплексу.



Леакадзія: “Тут столькі было рыбы! Была рыба і ракі былі. Як зрабілі комплекс у 77-м годзе , тады пусьцілі жыжу ў гэту раку, дык тая рыба ўся вымерла. Сьмярдзюча было. Рана як устанеш, ня ведаеш, дзе падзецца. А мы тут мылі ўсё. Яна вузкая рэчка, але яна была чыстая. А цяпер усё”.

Той сьвінагадоўчы комплекс дае працу многім людзям у навакольных вёсках. Але з кожным годам справы ідуць усё горш і горш. Зарплаты мізарнеюць. І справа тут ня ў крызісе. Вось кампанія мужыкоў, якія кіруюцца ў краму па тавар нядзельнага попыту. Калгасьнікі, па ўсім відаць, робяць туды ня першы рэйс, таму да размовы вельмі ахвочыя.

Карэспандэнт: “Што мужыкі гавораць пра гэты крызіс? Ён неяк крануўся?”

У Падбалоцьці мужык зайшоў у краму, не было чаго браць. Дык ён узяў тры скрыні гарэлкі.
Першы Спадар
: “Самараўскіх? Нармальна крануўся. Пайшла гэтая паніка. І людзі пачалі скупляць тэлевізары, халадзільнікі. У Падбалоцьці мужык зайшоў у краму, не было чаго браць. Дык ён узяў тры скрыні гарэлкі. Апошнія. З крамы забраў. Шкарпэткі ўсе падчыстую. Усё забралі. Нават шкарпэткі пазабіралі апошнія. Майкі ляжалі па тры гады, трусы, майкі — усё падчыстую. Усё цалкам раскупілі”.

Другі спадар: “А цяпер, ведаеш, у інтэрнэце прачытаў, што тыя тэлевізары назад пхнуць. Я купіў гарызонтаўскі DVD. 12 месяцаў, пішуць, гарантыя. Дакладна, б…, 12 месяцаў прайшло і…”

Карэспандэнт: “А інтэрнэт ёсьць у вас? Шмат у каго ў вёсцы ёсьць кампутар з інтэрнэтам?”

Другі спадар: “Кампутараў шмат, але яшчэ ня ведаюць, як у інтэрнэт сунуцца. А мы цяпер інтэрнэтам карыстаемся празь беспарольны доступ”.

Карэспандэнт: “Але ж там хуткасьць ня надта”.

Другі спадар: “Ведаеш, якая там хуткасьць? Каб скачаць паўтара мэгабайты, трэба сорак хвілін”.

Карэспандэнт: “Але працаваць тут ёсьць дзе? Тут жа ёсьць сьвінагадоўчы комплекс”.

Першы спадар: “Усё. Няма грошай. Стабільна трыста”.

Карэспандэнт: “Трыста тысяч?”

Першы спадар: “Усё. Няма грошай. Гэты наш калгас «Прагрэс», у канторы, у кожным кабінэце сядзела па два чалавекі. Далучылі яшчэ адзін калгас. Пасадзілі па чатыры. Як хадзілі людзі, пяць чалавек, зь віламі ў калгас, так яны і ходзяць. І гэтыя пяць павінны зарабіць ужо не на два чалавекі, а на чатыры”.

Карэспандэнт: “Гэта ўсё начальнікі…”

Першы спадар: “Так, так. Бухгальтэрыя. Уся гэтая фігня”.

Карэспандэнт: “Як мужык двух генэралаў накарміў”.

Першы спадар: “Так”.

Вось пра што я даўно ня гутарыў зь сялянамі, дык гэта пра мэгабайты зь беспарольным доступам. Гэта сьведчыць толькі пра тое, што прагрэс не спыніць. А разам зь ім і вольную інфармацыю. На разьвітаньне я пакінуў мужыкам адрас нашага сайту.