Амністыя капіталу па-беларуску

Паводле прэзыдэнцкага ўказу № 105 у Беларусі адменена дэкляраваньне крыніцаў сродкаў пры ажыцьцяўленьні буйных зьдзелак. Права патрабаваць дэклярацыю даецца толькі падатковым органам. Што за гэтым стаіць?


Пры ажыцьцяўленьні зьдзелак на суму да 2 тысяч базавых велічынь (на сёньняшні дзень гэта 70 мільёнаў беларускіх рублёў) цяпер ня трэба дэкляраваць крыніцу атрыманьня грошай, патлумачыў сутнасьць Указу прэсавы сакратар Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут:

“Пры ажыцьцяўленьні фізычнымі асобамі зьдзелак не патрабуецца падачы дэклярацыі аб крыніцах грашовых сродкаў. То бок калі чалавек ідзе ў натарыяльную кантору, яму ня трэба падаваць дэклярацыю, дзе ён грошы ўзяў. А мэтай указу зьяўляецца ўдасканаленьне, дэбюракратызацыя парадку дэкляраваньня фізычнымі асобамі прыбыткаў і маёмасьці, стварэньне спрыяльных умоваў для разьвіцьця інвэстыцыйнай дзейнасьці”.

Эканаміст Міхал Залескі наконт адмены дэкляраваньня пры ажыцьцяўленьні буйных зьдзелак выказаў такое меркаваньне:

Міхал Залескі
“Проста зьнізілі плянку, каб людзі маглі не паказваць, дзе яны ўзялі грошы. Гэта крыху падобна да амністыі капіталу, толькі маленькай і ўнутранай. Трэба, каб людзі павыцягвалі грошы з-пад сваіх матрацаў і пачалі імі апэрыраваць”.

На думку эканаміста Міхала Залескага, гэта зусім не азначае, што народ кінецца скупляць, да прыкладу, дарагія аўтамабілі ці лецішчы. Маўляў, як было нядаўна са спрошчанай рэгістрацыяй — хто хацеў, той раней зарэгістраваўся. Так і тут: хто хацеў зрабіць зьдзелку — зрабіў і знайшоў, як яе паказаць:

Нічога кепскага ў гэтым няма. Але гэта нічога ня дасьць.
“На бягучы крызіс гэта вельмі мала паўплывае. У нас што — ёсьць 5 тысяч, 5 мільёнаў людзей, якія стаяць на ганку і чакаюць адмашкі, каб пабегчы і рабіць свае зьдзелкі? Ды не! Нічога кепскага ў гэтым няма. Але гэта нічога ня дасьць у змаганьні з крызісам”.

Згодна з прэзыдэнцкім указам, цяпер дэклярацыю аб прыбытках і маёмасьці патрабаваць у грамадзяніна могуць толькі падатковыя органы. Прычым зрабіць гэта яны могуць як з уласнай ініцыятывы, так і па просьбе іншых кампэтэнтных органаў. Прэсавы сакратар Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут патлумачыў:

“Дэкляраваньне прыбыткаў і маёмасьці фізычнымі асобамі, за выключэньнем фізычных асобаў, якія штогод абавязаныя ажыцьцяўляць дэкляраваньне прыбыткаў і маёмасьці, ажыцьцяўляецца толькі па пісьмовым патрабаваньні падатковых органаў. У тым ліку — на падставе пісьмовага запыту органаў дзяржкантролю, органаў унутраных спраў, КДБ і пракуратуры”.

Такім чынам, падатковыя органы могуць працягваць адсочваць буйныя пакупкі і цікавіцца крыніцамі дабрабыту асобных грамадзянаў.