Хавіер Саляна задаволены. А Вы?

Аляксандар Лукашэнка і Хавіер Саляна

Сёньня з аднадзённым візытам у Менску знаходзіўся Вярхоўны прадстаўнік у пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна. Ён правёў сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і грамадзянскае супольнасьці Беларусі.



Хавіер Саляна ў Менску быў упершыню. Ягоныя сустрэчы ў сталіцы Беларусі з прадстаўнікамі апазыцыі, няўрадавых арганізацыяў, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым і Аляксандрам Лукашэнкам у цэлым доўжыліся 5 з паловай гадзін. Дзьве гадзіны з гэтага часу заняла сустрэча з кіраўніком беларускай дзяржавы. Спадар Саляна сустракаўся зь ім упершыню і застаўся задаволены:

“Сустрэча была вельмі канструктыўная, мы гаварылі пра ўсе пытаньні, у тым ліку складаныя. Я задаволены вынікам. Я мяркую, што прэзыдэнт хоча далучыцца да праграмы Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу”.

Задаволены спадар Саляна і сустрэчамі зь беларускай апазыцыяй ды ў МЗС Беларусі. Сваё рашэньне прыехаць у Менск і пачаць шчыры адкрыты дыялёг ён прызнаў удалым.

На пытаньне Радыё Свабода, як ён ацэньвае новыя рэпрэсіі беларускага ўраду супраць дэманстрантаў 14 і 16 лютага ў Менску, новыя крымінальныя справы супраць тых, каго нядаўна вызвалілі з турмаў як былых палітвязьняў — прадпрымальнікаў Аўтуховіча і Лявонава, спадар Саляна адказаў:

“Дазвольце мне сказаць, што ўсё, што трэба было сказаць, — было сказана. Усё, што трэба было адкамэнтаваць і скрытыкаваць — было адкамэнтавана і скрытыкавана. Вы пытаецеся ў мяне, які вынік? Вынік для мяне канструктыўны”.

Мы не разглядаем ніводнага пытаньня пад сталом, усе пытаньні разглядаюцца за сталом.
Паводле спадара Саляны, паміж Менскам і Брусэлем усталяваны канал камунікацыяў і ідзе працэс перамоваў, у часе якога ня ўсе яшчэ вырашана, і бакі прызнаюць цяжкасьці, якія тут існуюць.

“Мы будзем працягваць сустракацца. У сакавіку ў нас будзе вельмі важная сустрэча. Мы разгледзім увесь парадак дня, уключна з правамі чалавека. У нас зьявіліся добрыя сувязі, мы не разглядаем ніводнага пытаньня пад сталом, усе пытаньні разглядаюцца за сталом. У адкрытай форме. І я спадзяюся, што ёсьць воля іх вырашаць”.

Наконт магчымага візыту Лукашэнкі на саміт Эўразьвязу ў Прагу і ў Брусэль Саляна сказаў, што ён ня ведае, ці будзе такое запрашэньне, бо гэта вырашае старшынства Эўразьвязу.

Адмовіўся Саляна адказваць і на пытаньне пра патэнцыйнае сяброўства Беларусі ў Эўразьвязе, сказаўшы, што сёньня гэтае пытаньне нікім не ўздымалася, а гаворка вялася пра Ўсходняе партнэрства, у якога шмат магчымасьцяў, каб у эканамічным і палітычным пляне разьвіваць партнэрскія сувязі зь Беларусьсю.

Што да фармальных вынікаў сустрэчы, Саляна адцеміў, што гаворка пра падпісаньне якога-кольвек дакумэнту не вялася, а важна было настроіцца на пэўны лад у адносінах, у кантактах, што нашмат важней за нейкі дакумэнт.



У часе сёньняшняй сустрэчы з Хавіерам Салянам Аляксандар Лукашэнка адразу заявіў, што ён выступае за разьвіцьцё супрацоўніцтва з Эўрапейскім Зьвязам, але без пасярэднікаў:

“Я б вельмі прасіў вас, каб у нашых адносінах мы пастараліся пазьбегнуць усялякіх пасярэднікаў, якія нядобразычліва ставяцца да нашай краіны. Пасярэднікаў як унутры краіны, гэтак і за яе межамі. А іх нямала”.

Цяперашні стан адносінаў Беларусі і Эўразьвязу характарызуецца наяўнасьцю гандлю як у эканоміцы, так і ў палітыцы, заявіў Лукашэнка. Ён падзякаваў Саляну за тое, што той асабіста паспрыяў пацяпленьню, якое складаецца цяпер паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Тут мы прапанавалі адказаць на пытаньне "Што б вы сказалі Хавіеру Саляну?"

Ніжэй Вы можаце выказаць свае ацэнкі візыту Саляны.